Дзеці — быць або не быць нацыі
1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэтае свята становіцца ўсё больш папулярным, гарады навыперадкі стараюцца наладзіць як мага больш розных цікавых падзеяў для самых малодшых, якіх з году ў год становіцца ўсё менш.
Дзеці заўсёды былі будучыняй народа, але апошнім часам дзеці ў Польшчы сталі тэмай быць або не быць нацыі. Паводле дэмаграфічных прагнозаў, калі тэмпы падзення нараджальнасці ўтрымаюцца на такім жа ўзроўні, то да канца стагоддзя ў дзяржаве будзе пражываць толькі каля 16 млн чалавек. Гэта амаль у два з паловаю разы менш, чым цяпер. Таму палітыкі ўсё больш гавораць пра падтрымку сем’яў, асабліва шматдзетных. Важны таксама падыход людзей, якія апошнім часам пачалі цаніць каштоўнасць сям’і — гаворыць Мацей Ношчак са Звязу вялікіх сем’яў 3+.
— У апошнія дзесяцігоддзі людзі ставілі на кар’еру, на матэрыялізм, дзеці былі на другім плане. Цяпер прыйшоў крызіс, і людзі заўважылі, што ў цяжкія часы апорай застаецца сям’я. Таму паступова мы вяртаемся да традыцыйных каштоўнасцяў. Ужо здаўна было вядома, што краіна будзе выміраць, але палітыкі неяк не краналі гэтай тэмы. А пачалося ўсё з такіх арганізацый, як наша, дзе людзі не атрымліваюць грошай за сваю працу. Мы пачалі ад кантактаў з мясцовымі ўладамі, пазьней дайшлі да палітыкаў вышэйшага ўзроўню. Цяпер і ўрад заняўся гэтай тэмай, заўважыў праблему.
Зусім нядаўна ў Польшчы была ўведзена льгота ў падатках на кожнае дзіця, з наступнага году яна будзе залежыць ад колькасці дзяцей у сям’і — чым больш патомства, тым вышэйшая льгота.
У Беларусі дэмаграфічная сітуацыя таксама катастрафічная. Пры насельніцтве, амаль у чатыры разы меншым, чым у Польшчы, краіна будзе выміраць яшчэ хутчэй, чым суседка. Праблема заключаецца ў тым, што часта людзі нават і хацелі б завесці другое і трэцяе дзіця, мараць аб ім, але не могуць сабе на гэта дазволіць, таму затрымліваюцца на першым — адзначае Крысціна Вітушка, заснавальніца парталу www.dzietki.org
— Большасць сем’яў маюць толькі адно дзіця. Асноўная праблема ў тым, што сем’і наважваюцца на першае, але не могуць нарадзіць другое і трэцяе. Прытым, гэта мара многіх сямей, яны жадаюць мець больш дзяцей, але людзі не могуць сабе на гэта дазволіць, — кажа Крысціна Вітушка.
Па закону, у Беларусі сем’і з пяццю дзецьмі атрымліваюць кватэру, але насамрэч “выбіць” такія прывілеі нялёгка, яны даступныя далёка не ўсім. Тым не менш, улады таксама стараюцца ўсялякім чынам падтрымліваць сем’і з дзецьмі, прымаюць карыснае для маці заканадаўства, але часта гэтыя законы не выконваюцца, — скардзіцца Крысціна Вітушка, сама маладая маці:
— Ёсць некаторыя элементы падтрымкі, які даюцца на водкуп наймальніку. Патэнцыйна ёсць магчымасць аднаго выходнага дня раз на месяц для аднаго з бацькоў, калі яны выхоўваюць двое або больш непаўнагадовых дзяцей. Але ні ў адным месцы працы, якія мне вядомыя, няма такой магчымасці. Так што не заўсёды на дзяржаву трэба наракаць. Заканадаўча гэта магчыма, а кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый гэтага не вітаюць. І як толькі жанчына пачынае гэтым карыстацца, ёй наўпрост гавораць, што знойдуць ёй альтэрнатыву.
У Польшчы дзяцей мала, здавалася б, яны павінна мець усяго ўдосталь, тым не менш, як паказваюць міжнародныя даследаванні, яны адчуваюць сябе нешчаслівымі. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што грошы, без якіх немагчыма жыць, не даюць шчасця. Дзяцей прыгнятае матэрыялізм — мяркуе Мацей Ношчак.
— Цяпер вялікая ўвага надаецца таму, каб нешта мець, а не быць. Дзеці жадаюць мець больш, чым сябры, і з гэтым жаданнем яны пакінутыя ў адзіноце. Гэта віна ў вялікай ступені бацькоў, якія думаюць, што школа, сістэма выхаваюць ім дзяцей. А гэта няпраўда. Бацькі павінны заняцца дзецьмі, прысвяціць ім увагу, паказаць свет каштоўнасцяў. І тады дзіця будзе шчаслівае. Тут патрэбныя бацькі, а не сістэма, — кажа Мацей Ношчак.
Але думаю, што 1 чэрвеня абсалютная бальшыня дзяцей на свеце шчаслівыя, у тым ліку і ў Польшчы, і ў Беларусі. Плануючы на гэты дзень прапановы выхаду з дому разам з дзецьмі, мы не маглі вырашыцца, што выбраць, так многа розных мерапрыемстваў падрыхтавалі ўлады польскай сталіцы. І, наколькі я ведаю са словаў Крысціны Вітушкі, у Беларусі ў гэты дзень дзецям таксама не павінна быць сумна.