У Слоніме актывісты БХД патрабуюць ачысціць ваду ад жалеза

У Слоніме актывіст аргкамітэту БХД Барыс Кучынскі ў межах кампаніі "Рада народных дэпутатаў" звярнуўся з калектыўным зваротам у прэзідыум Слонімскага райсавета дэпутатаў і да старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча.  



kuchinsk_baris.jpg

У звароце выказваецца занепакоенасць станам рэалізацыі ў горадзе мерапрыемстваў у рамках “Праграмы па водазабеспячэнню і водаадвядзенню “Чыстая вада” на 2011–2015 гады ў Гродзенскай вобласці”.

"Мы неаднойчы звярталі ўвагу мясцовых улад на дрэнную якасць пітной вады з цэнтральнага водаправода, якая не адпавядае санітарным нормам Беларусі СанПіНа 10-124 РБ 99 па ўтрыманню жалеза. Мясцовыя ўлады сваім рашэннем №259 ад 26.03.2004 за подпісам старшыні выканкама М.Б. Касцюк і кіраўніка справамі выканкама Е.Н. Мачаліна ўзаконілі падачу вады ў вадаправодную сетку горада па факту не больш 1,50 мг/дм, хаця, згодна пункта 3.6 СанПіНа 10-124 РБ 99 “Пітная вада”, колькасць жалеза ў вадзе павінна быць не больш 0,3 мг/дм. Такі падыход і рашэнне супярэчыць праграме дэмаграфічнай бяспекі Слонімскага раёна і дрэнна ўплывае на стан здароўя жыхароў г. Слоніма, у першую чаргу нашых дзяцей", — гаворыцца ў звароце.

Дзеля вырашэння дадзенага пытання аўтары звароты прапануюць:

1. Выдзеліць дадатковае фінансаванне з бюджэту Слонімскага раёна на 2014 на рэалізацыю мерапрыемстваў у Слоніме па праграме водазабеспячэння і водаадвядзення “Чыстая вада” на 2011–2015 гады ў Гродзенскай вобласці дзеля забеспячэнне адпаведнасці ўтрымання жалеза ў цэнтральным водаправодзе г. Слонім нарматывам СанПіН 10-124 РБ 99 “Пітная вада”.

2. Пісьмова паведаміць аб прынятым уладамі рашэнні з указаннем яго сапраўдных матываў.

3. Арганізаваць сустрэчу афіцыйных прадстаўнікоў гарвыканкама і Слонімскага райсавета дэпутатаў у адпаведнасці з п. 2 ст. 22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” і паведаміць аб стане рэалізацыі праграмы “Чыстая вада” ў горадзе і прапановы гараджан у рамках ініцыятывы па прыняцці рашэнняў Саветам.

Прэсавая служба БХД