Удзельнікі круглага стала па АЧС: патрабуем празрыстасці, кампенсацый і пакарання вінаватых
У Мінску 8 жніўня па ініцыятыве аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" адбыўся круглы стол, прысвечанага праблеме эпідэміі афрыканскай чумы свінняў у Беларусі.
Удзел у ім узялі фермеры і сяляне, чые гаспадаркі пацярпелі ад дзеянняў і бяздзеяння ўладаў, прадстаўнікі ветэрынай службы, кіраўніцтва БХД, прадстаўнікі грамадскасці, журналісты.
Падчас круглага стала ягоныя ўдзельнікі прынялі зварот у Саўмін, Мінсельгасхарч і Генпракуратуры Беларусі, у якім запатрабавалі празрыстасці дзеянняў уладаў падчас барацьбы з АЧС, рынкавай кампенсацый сялянскім і фермерскім гаспадаркам за знішчанае пагалоўе свінняў, а таксама пакарання вінаватых у тым, што праблема АЧС набыла такія маштабы.
Па сканчэнні мерапрыемства зварот быў пададзены ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.
Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання
Генеральнай пракуратуры
Зварот
Мы, удзельнікі круглага стала, прысвечанага праблеме эпідэміі афрыканскай чумы свінняў у Беларусі, абураныя і дзеяннямі, і бяздзеяннем уладаў, патрабуем:
1. У трохдзённы тэрмін апублікаваць поўны і ясны план ураду дзеля барацьбы з АЧС.
2. Неадкладна да 12 жніўня гэтага года правесці прамую лінію міністра сельскай гаспадаркі і харчавання ў жывым эфіру нацыянальнага тэлебачання, растлумачыць сітуацыю і адказаць на пытанні жыхароў.
3. Вызначыць кампенсацыю з улікам рынкавых коштаў і выплаціць вызначаную кампенсацыю тым, у каго была канфіскавана і знішчана жывёла.
4. Забяспечыць усе раёны Беларусі патрэбнай інфармацыяй, матэрыяламі і сродкамі дэзінфекцыі.
5. Спыніць практыку знішчэння свінога пагалоўя на тэрыторыях, якія не належаць да пяцікіламетровай зоны вакол свінакомплексаў або зоны паражэння вакол агмянёў захворвання.
6. Забяспечыць умовы для вядзення фермерскіх і прыватных гаспадарак тых пацярпелых уласнікаў, для якіх свінагадоўля з'яўлялася асноўнай крыніцай прыбытку.
7. Прыцягнуць да адказнасці вінаватых ў хаванні інфармацыі аб АЧС у Беларусі і неналежнай абароне жыхароў краны і сельскай гаспадаркі ад наступстваў АЧС. Пакараць вінаватых у незаконным знішчэнні прыватнай уласнасці грамадзян Беларусі пад шырмай барацьбы з АЧС.
8. Забяспечыць абарону насельніцтва краіны ад магчымых пагрозаў для здароўя шляхам паўсюднага кантролю прадуктаў харчавання.
У выпадку невыканання нашых патрабаванняў пакідаем за сабой права на самаарганізацыю і агульнанацыянальную кампанію пратэсту.
8.08.2013