У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш (фота)

У суботу, 8 жніўня, творчая інтэлігенцыя Беларусі адзначыла 105-я ўгодкі з дня нараджэння вялікай беларускай паэткі-змагаркі Ларысы Геніюш (1910-1983).  



Ушанаванне пачалося каля Свята-Троіцкай царквы побач з помнікам паэтцы, які знаходзіцца насупраць хаты, дзе жылі Янка і Ларыса Геніюшы.
Адкрыў урачыстасць паэт і публіцыст Міхась Скобла, які прэзентаваў кнігу “Духу магутнага чары…”, куды ўвайшлі ўспаміны пра Ларысу Геніюш, а таксама пісьмы да яе К.Езавітава, У.Караткевіча, Я.Найдзюка, Ф.Янкоўскага, А.Траяноўскага, М.Прашковіча, Ю.Сергіевіча і іншых асобаў.
 Беларуская паэтка з Палтавы Іна Снарская прачытала свае пераклады вершаў Ларысы Геніюш на ўкраінскую мову. Пра паэтку цікава згадвала Данута Бічэль з Гародні, чыталі свае вершы паэт Зьніч з Жыровічаў, Алесь Клышка з Мінска, Станіслаў Суднік з Ліды, песні на словы юбіляркі выконвалі барды Вольга Цярэшчанка і Таццяна Матафонава.
Пасля ўрачыстай часткі, прысутныя наведалі мясцовыя могілкі, дзе ўсклалі кветкі на магілу Янкі і Ларысы Геніюшаў.