Украіна хоча часткова спыніць бязвізавы рэжым з Беларуссю. З чым гэта звязана?
Міністэрства замежных спраў Украіны ініцыюе частковае спыненне дзеяння міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб бязвізавым рэжыме паездак, перадае «Свабода».
![Украінскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота Украінскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота](/img/v1/images/258cfc56_a522_4b06_b42a_b6e6ba410f32_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Украінскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота
Адпаведны праект пастановы сёння на сваім пасяджэнні разгледзіць украінскі ўрад, а змены набудуць моц ад 1 верасня.
Як патлумачылі ў Міністэрстве замежных спраў Украіны, змены закрануць толькі правілы выезду грамадзян Украіны на тэрыторыю Беларусі:
«Гаворка ідзе аб тым, што такія паездкі ўкраінцы з 1 верасня змогуць ажыццяўляць толькі на падставе замежнага пашпарта».
Дыпламаты ўдакладнілі, што згодна з нормамі міжурадавага пагаднення кожны бок мае права цалкам або часткова спыніць дзеянне асобнай нормы ў тым выпадку, калі гэта прадыктавана неабходнасцю гарантавання бяспекі дзяржавы. Апроч таго, заканадаўства Украіны прадугледжвае, што ўкраінцы могуць выязджаць за межы краіны на падставе замежнага (біяметрычнага) пашпарта.
У выпадку ж з Беларуссю ўвесь гэты час дазваляўся выезд на падставе ўнутранага пашпарта, якім цяпер ва Украіне з'яўляецца пластыкавая картка (ID-картка). Але Беларусь не прызнала яе як дакумент, які дазваляе ўезд і выезд, транзіт і знаходжанне ўкраінцаў на беларускай тэрыторыі. Як вынік, Украіна вымушана была ўносіць змены ў правілы выезду для ўкраінцаў.
Для грамадзян Беларусі правілы ўезду ва Украіну ці выезду з яе не зменяцца
На сёння памежны кантроль між Украінаю і Беларуссю рэгулюецца пагадненнем пра бязвізавыя паездкі грамадзян, падпісаным у чэрвені 2009 года. Яно прадугледжвае пералік дакументаў, з якімі грамадзяне Беларусі і Украіны маюць права ўязджаць на тэрыторыю краінаў. У гэтым пераліку біяметрычны пашпарт, як і абавязковае зняцце адбіткаў пальцаў, адсутнічае.Згодна з артыкулам 4 гэтага пагаднення, бакі абавязаны неадкладна інфармаваць адзін аднаго праз дыпламатычныя каналы аб увядзенні новых дакументаў або ўнясенні зменаў у пералік дакументаў, якія выкарыстоўваюцца для ўзаемных паездак, і адначасова даслаць адзін аднаму іхныя ўзоры.
У артыкуле 6 прадугледжана, што кожная з краін мае права цалкам або часткова прыпыніць дзеянне асобных палажэнняў пагаднення, калі гэта неабходна для гарантавання бяспекі дзяржавы, захавання грамадскага парадку або аховы здароўя насельніцтва. Але пра прыняцце такіх захадаў бакі абавязаны паведаміць адзін аднаму праз дыпламатычныя каналы.
Пагадненне пра бязвізавыя паездкі грамадзян Беларусі і Украіны падпісана на неабмежаваны час, але кожны з бакоў можа дэнансаваць яго, паведаміўшы пра гэта другому боку ў пісьмовай форме. У такім выпадку пагадненне страціць моц па заканчэнні 6 месяцаў з даты паведамлення.
Алена Літвінава, svaboda.org