Улады адказалі слонімцам пра працоўныя месцы і прэзідэнцкі Дэкрэт №3
Днямі слонімскі грамадскі актывіст Алесь Масюк атрымаў адказ з райвыканкама на заяву, якую 19 сакавіка перадалі мясцовым уладам удзельнікі Народнага сходу.
У лісце з выканкама гаворыцца, што «заява, прынятая ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, не можа разглядацца як заява, прынятая ў ходзе масавага мерапрыемства». Разам з тым слонімскія ўлады палічылі магчымым разгледзець гэтую заяву «як зварот грамадзяніна».
Такім грамадзянінам і апынуўся Алесь Масюк. На яго імя быў дасланы ліст з райвыканкама за подпісам намесніка старшыні Уладзіслава Гершгорына, дзе распавядаецца пра планы ўладаў па стварэнні працоўных месцаў ды даюцца адказы на некаторыя іншыя пытанні слонімцаў, якія прагучалі на Народным сходзе.
«У Слонімскім раёне праводзіцца мэтанакіраваная праца па стварэнні новых працоўных месцаў. У 2017 годзе арганізацыямі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва плануецца стварэнне 95 новых працоўных месцаў у сферы вытворчай дзейнасці, аказання паслуг у галіне сельскай гаспадаркі, гандлю, грамадскага харчавання, транспарту. Акрамя таго, за кошт стварэння новых вытворчасцяў на дзейсных прадпрыемствах плануецца стварэнне не менш за 85 працоўных месцаў. У першым квартале гэтага года створана 51 працоўнае месца», — гаворыцца ў лісце пра працоўныя месцы і далей.
«Таксама інфармуем, што збор сродкаў на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, прадугледжаны Дэкрэтам прэзідэнта РБ ад 2 красавіка 2015 года №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага дармаедства» ў цяперашні час прыпынены», — чытаем у адказе з выканкама.
У апошнім пункце адказаў уладаў чытаем пра «Газету Слонімскую»: «З 1 красавіка 2017 года ў адпаведнасці з падпісанай дамовай газета «Газета Слонімская» рэалізуецца праз кіёскі гандлёвага Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблсаюздрук».Фактычна ж атрымалася, што з 10 пунктаў, якія ўтрымлівала народная рэзалюцыя ад 19 сакавіка 2017 года, Слонімскі райвыканкам даў адказ толькі на тры.
Тым часам сябры Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сіл накіравалі зварот на імя старшыні райвыканкама Алега Таргонскага з прапановай арганізаваць круглы стол па абмеркаванні важных пытанняў мясцовага і рэспубліканскага значэння з «шырокім прадстаўніцтвам» і іх удзелам у тым ліку.
Улады плануюць правесці круглы стол у райвыканкаме 19 красавіка.
Газета Слонімская