Улады ліквідавалі «Беларускі ПЭН-цэнтр»

Па выніках другога судовага пасяджэння па справе арганізацыі «Беларускі ПЭН-цэнтр» ліквідаваны.

penby_logo_2019_1.png

Разгляд справы пачаўся ў Вярхоўным судзе 3 жніўня. Суддзя — Сакалоўская Г. М., прадстаўніком Міністэрства юстыцыі на судзе выступіў Печкуроў А. У., пракурорка — Кавальчук І. А.
«Успрымаем гэта як узнагароду і высокую ацэнку нашай дзейнасці. Ілюзій мы не мелі, у гэтым сэнсе вынік быў чаканы. І, вядома, не апускаем рук: дзейнасць працягваем, скаргу падаем», — напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку намесніца старшыні арганізацыі Таццяна Нядбай.
  
Нагадаем, 14 ліпеня сілавікі правялі ператрус па юрыдычным адрасе «Беларускага ПЭН-цэнтра». У прадстаўнікоў ГУБАЗіКа МУС была пастанова на ператрус, падпісаная генеральным пракурорам. У сувязі з пандэміяй каронавіруса арганізацыя ўжо больш за год працуе ў дыстанцыйным рэжыме, таму па юрыдычным адрасе нікога з супрацоўнікаў не было.
19 ліпеня стала вядома пра арышт рахункаў «Беларускага ПЭН-цэнтра», а 22 ліпеня з’явілася інфармацыя, што Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі арганізацыі.
«Беларускі ПЭН-цэнтр» заснаваны ў 1989 годзе. З 2019 года арганізацыю ўзначальвае Святлана Алексіевіч.
Беларускі паэт і палітык Уладзімір Някляеў адрэагаваў на сітуацыю вакол «ПЭН-цэнтра» і іншых грамадскіх арганізацый: «Мінюст падаў у Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі "Беларускага ПЭН-цэнтра", які стваралі Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін – найлепшыя айчынныя празаікі, паэты.
Такі ж пазоў рыхтуецца ў дачыненні "Саюза беларускіх пісьменнікаў", каля вытокаў якога стаялі народныя паэты Якуб Колас і Янка Купала.
Сённяшняя ўлада паставіла на мэце адмяніць, зруйнаваць усё тое, што створана тытанічнай працай нашых нацыянальных волатаў, нашчадкі якіх — уключна з першай беларускай лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч — абвяшчаюцца бандытамі, замежнымі агентамі!
Калі гэта не антыбеларускае, антынацыянальнае шаленства, дык што тады гэта такое?..»