Заўтра — суд па ліквідацыі БАЖ. Чым вядомая арганізацыя

Заўтра ў 11:00 у Вярхоўным судзе Беларусі прызначаны разгляд пазова Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі «Беларускай асацыяцыі журналістаў» — асацыяванага члена Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.

20210228_press_58.jpg


На сённяшні дзень «Беларуская асацыяцыя журналістаў» налічвае больш за 1300 сябраў, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях.
«Беларуская асацыяцыя журналістаў» дзейнічае з восені 1995 года.
З 1997 года БАЖ — сябра Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ).
У 2003 г. Сусветная асацыяцыя газет (WAN) узнагародзіла БАЖ «Залатым пяром свабоды» ("Golden Pen of Freedom prize").
У снежні 2004 г. Еўрапейскі парламент уганараваў БАЖ прэміяй імя Сахарава «За свабоду думкі».
У чэрвені 2011 г. Атлантычная рада Злучаных Штатаў Амерыкі ўзнагародзіла БАЖ «Прэміяй Свабоды Атлантычнай рады». Разам з журналісцкай арганізацыяй ёю былі ўганараваныя незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна» і «Беларускі Свабодны тэатр».
З 2013 г. БАЖ — поўны сябра Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ).
З 1998 г. БАЖ стала вядзе маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, якія аператыўна збіраюць і дасылаюць інфармацыю пра стан медыя ў сваім рэгіёне.
Падчас выбарчых кампаній у 2004, 2006, 2007, 2010, 2012, 2015, 2016, 2019 і 2020 гадах БАЖ вёў маніторынг асвятлення тэмы выбараў беларускімі СМІ. Журналісты ў Мінску і рэгіёнах рабілі колькасны і якасны аналіз публікацый і праграм у дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, фіксуючы час, адведзены розным суб'ектам выбарчага працэсу, і адзначаючы манеру іх рэпрэзентацыі.
Усе 25 гадоў працы БАЖ займаўся абаронай правоў і законных інтарэсаў беларускіх журналістаў: гэта тысячы судовых працэсаў, юрыдычных кансультацый, нацыянальных і міжнародных кампаній у падтрымку калег.
Таксама ўсе гады БАЖ займаўся падвышэннем прафесійных навыкаў калег: сотні трэнінгаў і навучальных курсаў па вельмі розных кірунках журналістыкі, круглыя сталы і канферэнцыі па найбольш вострых пытаннях жыцця медыясферы.
Ну і, канешне ж, БАЖ з'яўляецца ўнікальнай крыніцай інфармацыі пра сітуацыю ў сферы СМІ ў Беларусі. Гэтая інфармацыя змяшчаецца на сайце БАЖ, калегі з розных медыя і міжнародных арганізацый звяртаюцца ў БАЖ, калі ім патрэбна даведацца пра падзеі ў медыясферы ў Беларусі.
БАЖ — унікальная арганізацыя, якая 25 гадоў абараняла правы журналістаў у Беларусі. Мы ганарымся гэтым, ганарымся нашай супольнасцю і нашымі сябрамі.
baj.by