Улады не бачаць перадумоў для ўвядзення дыстанцыйнага навучання
Перадумоў для пераходу школ на дыстанцыйны фармат навучання з-за COVID-19 няма, аддалена займаюцца не больш за 10% студэнтаў, заявіў у інтэрв'ю БЕЛТА намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.
"Пакуль перадумоў для ўвядзення дыстанцыйкі для школьнікаў няма. Адзначу, што на працягу першай чвэрці школу наведвалі не менш за 85% навучэнцаў, па хваробе прапускалі навучальныя заняткі не больш за 11% школьнікаў", — паведаміў Ігар Петрышэнка.
У той жа час пры выяўленні каронавіруса ў школах або ВНУ аператыўна прымаюцца меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва.
"Так, напрыклад, ва ўніверсітэтах асобныя навучальныя групы, дзе ёсць хворыя COVID-19, пераходзяць на аддалены фармат навучання з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Сёння ў такім фармаце навучаецца не больш за 10% студэнтаў", — растлумачыў намеснік прэм'ер-міністра.
Кантроль за эпідэміялагічнай сітуацыяй у школах і ВНУ будзе працягнуты. Рашэнні аб магчымай карэкціроўцы навучальнага працэсу будуць прымацца з улікам паказчыкаў па захворванні, дадаў Ігар Петрышэнка.