Улады збіраюцца пасадзіць знакамітых пенсіянераў «на кароткі ланцужок»
Пенсіянеры, якія атрымліваюць пенсію за асаблівыя заслугі, могуць быць пазбаўленыя яе за «непаважлівае стаўленне да дзяржаўнага ладу», а таксама за прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці.
Савет Міністраў пастановай №865 ад 11 снежня перагледзеў палажэнне аб пенсіях за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Яно прадугледжвае пазбаўленне пенсіі за непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу.
Дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, яго асноўныя палажэнні ўступаюць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
Пастановай зацверджаны склад камісіі па ўсталяванні пенсій за асаблівыя заслугі, якую ўзначаліў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, а яго намеснікам стала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
Як і раней, пенсія за асаблівыя заслугі можа быць прызначаная:
- Героям Беларусі, Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай Працы;
- грамадзянам, узнагароджаным ордэнамі Айчыны трох ступеняў, ордэнамі «За службу Радзіме» трох ступеняў, ордэнамі Славы трох ступеняў, ордэнамі Працоўнай Славы трох ступеняў, ордэнамі «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» трох ступеняў;
- грамадзянам, узнагароджаным трыма і больш ордэнамі Рэспублікі Беларусь і (або) СССР;
- жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і ўзнагароджаным адной з наступных дзяржаўных узнагарод СССР або Рэспублікі Беларусь: ордэнам Маці, медалём «Медаль мацярынства», ордэнам «Матчына слава», ордэнам «Маці-гераіня» (далей — шматдзетныя маці);
- грамадзянам, удастоеным ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь, БССР або СССР (народны, заслужаны);
- лаўрэатам Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, БССР, Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР;
- грамадзянам, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, членам урада Рэспублікі Беларусь, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама — пасля спынення імі працы на пасадзе, па якой яны прадстаўлены да ўстанаўлення пенсіі;
- пераможцам і прызёрам Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёнам свету і Еўропы.
З пераліку падстаў для прызначэння пенсій выключаны «камандзіры, камісары, начальнікі штабоў партызанскіх брыгад і атрадаў».
Пенсія за асаблівыя заслугі складаецца з пенсіі, прызначанай у адпаведнасці з заканадаўствам, і павышэння за асаблівыя заслугі, якое не можа перавышаць 250% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.
У Палажэнні цяпер больш дэталёва прапісаная падача хадайніцтва аб прызначэнні пенсіі за асаблівыя заслугі. Для гэтага грамадзянін павінен звярнуцца ў орган, які хадайнічае пра пенсію. Гэта можа быць арганізацыя, выканкам, дзяржаўны орган. Яны прымаюць рашэнне аб падачы хадайніцтва. Далей яно накіроўваецца ў аблвыканкам або Мінгарвыканкам, якія павінны падтрымаць яго. На наступным этапе хадайніцтва разглядаецца органамі, якія рэгулююць сферу, да якой адносіцца асаблівая заслуга грамадзяніна. І толькі пасля падтрымкі гэтага органа хадайніцтва накіроўваецца ў камісію, якая прымае канчатковае рашэнне аб прызначэнні пенсіі. Карацей будзе шлях для вышэйшых чыноўнікаў. Хадайніцтва аб прызначэнні ім пенсіі будзе падаваць дзяржорган, у якім яны працавалі. Яно адразу будзе трапляць у камісію.
У Палажэнні ўстаноўлены пералік падстаў, па якіх пенсія за асаблівыя заслугі не ўстанаўліваецца, а выплата такой пенсіі можа быць спыненая:
- прыцягненне да крымінальнай адказнасці;
- ажыццяўленне дзейнасці, якая супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь;
- здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці;
- пазбаўленне дзяржаўных узнагарод, якія даюць права на пенсію;
- устанаўленне недакладных або неабгрунтаваных даных, на падставе якіх была прызначана пенсія за асаблівыя заслугі.
Пры гэтым Мінпрацы ў чэрвені і снежні кожнага года павінна будзе запытваць звесткі аб наяўнасці або адсутнасці абставінаў, якія з'яўляюцца падставай для пазбаўлення пенсіі за асаблівыя заслугі.
Відавочна, што цяпер пенсію за асаблівыя заслугі не зможа атрымаць лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР Уладзімір Някляеў, прызёрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя і іншыя знакамітыя людзі Беларусі, якія асудзілі гвалт у 2020 годзе. Тое, што Мінпрацы раз на паўгода будзе запытваць звесткі аб наяўнасці абставінаў, якія з'яўляюцца падставай для пазбаўлення пенсіі за асаблівыя заслугі, сведчыць аб тым, што ўлады збіраюцца пасадзіць гэтую катэгорыю пенсіянераў на «кароткі ланцужок».
Паводле Reform.by