Уладзімір Някляеў: Літаратура як нацыянальная ідэя

1 чэрвеня — цэрэмонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройца. Я загадзя шчыра віншую тых, хто стане лаўрэатам. І вось што хацеў бы сказаць ім, а разам з імі ўсёй нашай пісьменніцкай супольнасці. 



uladzimir_niakliajeu.jpg

Нядаўна на ўручэнні прэміі за лепшую кнігу года зайшла размова менавіта пра гэта. Пра нашу пісьменніцкую супольнасць, салідарнасць. 
Адзін з выступоўцаў сказаў, што ніяк і ні ў чым супольнасць наша не выяўляецца. Значыць, яе няма. І для прыкладу нагадаў сітуацыю, у якой я апынуўся ў 2010 годзе, і ў якой беларускія пісьменнікі мяне не падтрымалі. 
Гэта не так, падтрымка была. Былі заявы, сходы… Былі мае сябры-літаратары на прыступках пракуратуры, КДБ... 
Але чаму, каб нешта зрабіць дзеля выяўлення нашай супольнасці, салідарнасці, еднасці, нам трэба дачакацца экстрымальнай сітуацыі? Каб быў больш напружаны сюжэт? 
Можа быць. Але калі нават так, дык такая сітуацыя ўжо склалася. І ўзнікла яна не сёння, не цяпер. Сёння яна проста абвастрылася. Стала напятай, як спускавая пружына. 
Пагроза нашай дзяржаўнасці і незалежнасці, якая існуе з моманту ўзнікнення Рспублікі Беларусь, стала відавочнай. Нам трэба ёй супрацьстаяць. А для гэтага трэба гуртавацца. Менавіта таму неабходны грамадскі рух за дзяржаўнасць і незалежнасць. 
Падкрэсліваю: грамадскі рух. Грамадскі не толькі па сутнасці, але й арганізацыйна, каб фармальна ў грамадскіх арганізацыяў не было ніякіх перашкод для падтрымкі руху. 
Ніхто нібыта й не супраць. Падыходзяць, ціснуць руку: «Мы з табой!» Мой даўні сябар Валянцін Акудовіч нават сказаў, што на прэзідэнцкіх выбарах будзе за мяне галасаваць. Але размова не пра выбары, на якія я, дарэчы, пакуль не збіраюся, бо не яны вырашаюць наш лёс. Размова пра ВЫБАР. 
На адным са з'ездаў Саюза пісьменнікаў даклад ягонага старшыні прагучаў пад назвай «Літаратура як нацыянальная ідэя». І ў тым сутнасць беларускай літаратуры, якая гэтую ідэю і сфармавала, і адстойвала. Тая самая ідэя закладзеная і ў руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць». Толькі на гэтым грунце, на падмурку нацыянальнай ідэі мы можам з'яднацца і выстаяць. Зратаваць нашу мову, культуру, гісторыю, усё тое, што ёсць наш народ і ёсць Беларусь. 
ВЫБАР у тым, як мы збіраемся гэта рабіць. Ці актыўна выступіць як згуртаваная частка нацыянальнай сілы, ці надалей даводзіць, што гэтаму замінаюць нейкія параграфы ў статутах. Маўляў, нам трэба захавацца як арганізацыям. 
Дзеля чаго? Каму будуць патрэбныя беларускія літаратары без Беларусі? Калі ўжо сёння мы ў нашай краіне — нібы іншаземцы. 
Гэтак ні арганізацыі, ні краіны не захоўваюцца. Гэтак яны знікаюць. Таму публічна звяртаюся да Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў і Рады Беларускага ПЭН-цэнтра з прапановай падтрымаць рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць». 
З такою ж прапановай звяртаюся да Саюза пісьменнікаў Беларусі.
naviny.by