«Urbi et Orbi» прадстаўляе Аляксандра Чубрыка
Лятучы ўніверсітэт у межах цыкла «Urbi et Orbi» 30 траўня ладзіць публічную лекцыю Аялксандра Чубрыка «Беларускія пошукі росту, альбо Эканоміка паводле Эклезіясту»
Пошукі крыніц росту — галоўная задача «сапраўдных эканамістаў». Сміт вывучаў прычыны і прыроду багацця народаў. Пасля Вялікай дэпрэсіі адны эканамісты прапаноўвалі дзяржаве актыўна стымуляваць эканоміку, другія — баранілі прынцыпы вольнага рынку, але мэта ўва ўсіх была адна — рост. Пазней дзеля таго, каб «зрабіць бедныя страны багатымі», паўсталі цэлыя арганізацыі. Ці варта казаць, што Беларусь у сваіх пошуках не вынайшла ўласны шлях, але прайшла сцяжынамі іншых?
Шлях Беларусі ад 2000 году можна падаць наступным чынам. Перш мы прайшлі праз часы, калі асновай росту былі інвэстыцыі. Хаця гэта больш правільна было б назваць «паўставаннем новых будынкаў», бо вытворчыя інвэстыцыі тады адыгрывалі другасную ролю. Тады (прыкладна 2006—2007 гады) да апірышча на інвэстыцыі дадаўся пошук крыніцаў іх фінансавання. Маўляў, колькі нам трэба? Ага. Вось прададзім трохі дзяржаўнай маёмасці, пазычым — і будзе чым фінансаваць рост. Гэты шлях вельмі хутка прывёў краіну да першага крызісу (2009 год).
Тут ужо дадаўся апошні складнік нашых пошукаў: стабілізацыйныя крэдыты. І стэнд-бай МВФ, і пазыка Сусветнага банку (невялікая), і пазнейшы крэдыт Антыкрызіснага фонду мелі пэўныя патрабаванні наконт рэформаў. Пасля кароткага ўздыму эканоміку напаткаў чарговы — глыбейшы — крызіс 2011 году. Потым — пэўная лібэралізацыя, за якой — чарговы пошук вонкавых крыніцаў фінансавааньня росту ды абвестка мадэрнізацыі (=інвэстыцыяў) «новай» панацэяй. І…кола замкнулася.
Мадэлі й тэорыі, якія ляжаць у аснове нашых пошукаў росту, даўно прызнаныя акадэмічнай навукай неадпаведнымі базавым прынцыпам эканомікі як сацыяльнай навукі: яны не ўлічваюць, якім чынам людзі рэагуюць на стымулы. Пра гэта грунтоўна й дасціпна напісаў амэрыканскі эканаміст Уільям Істэрлі ў сваім даўнім артыкуле 1998 году (ды хіба адно ён!). Але мы чамусьці чарговы раз абціраем павуцінне з выкапнёвых ідэяў і рушым па коле — заганным. Адзінае, куды гэты рух нас паступова скіроўвае — гэта «пастка беднасці». Цікавіць выйсце з гэтае пасткі?
Запрашаем паразважаць над гэтымі пытаннямі разам з эканамістам, дырэктарам Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандрам Чубрыкам — 30 траўня Лятучы ўніверсітэт у межах цыкла «Urbi et Orbi» ладзіць яго публічную лекцыю «Беларускія пошукі росту, альбо Эканоміка паводле Эклезіясту», якая будзе праходзіць у канферэнц-зале «Гатэля Еўропа» (Інтэрнацыянальная, 28), пачатак а 18.30. Уваход вольны!
«Я не прыхільнік таго, каб увесь час параўноўваць нас з рускімі, украінцамі, палякамі, літоўцамі… Я хачу, каб беларусы параўноўвалі сябе з ідэальнымі беларусамі, з беларусамі Караткевіча!.. Гэта і адказ на пытанне, ці можам мы ўзяць нечую гатовую мадэль? Цалкам — не, бо кожная краіна адметная. Але рэцэптаў вельмі шмат, і іх можна адаптаваць пад нашую сітуацыю», — кажа Аляксандр Чубрык у інтэрв’ю напярэдадні лекцыі.
Традыцыйна Лятучы ўніверсітэт арганізуе online-трансляцыю лекцыі
Запрашаем пазнаёміцца з поўным тэкстам інтэрв’ю.