Усебеларускі кангрэс за незалежнасць выступіў супраць расійскіх вайсковых базаў у Беларусі

Адпаведную заяву, тэкст якой прыводзім цалкам, сёння прыняла Рада кангрэсу.



niezalieznasc_263x1921.jpg

Вайсковыя базы іншых дзяржаў —пагроза незалежнасці Беларусі
Мы з насцярогай успрынялі паведамленне аб тым, што ўрад Расіі ўхваліў праект пагаднення з Беларуссю аб размяшчэнні на беларускай тэрыторыі расійскай авіяцыйнай  базы. 
Мы лічым, што ў выпадку рэалізацыі гэтых планаў будзе нанесена значная шкода суверэнітэту нашай краіны. Па сутнасці, Расія хоча зрабіць Беларусь сваім вайсковым плацдармам, бо тут будуць месціца чужыя войскі. Мы хочам нагадаць, што акупацыя прыбалтыйскіх краін з боку СССР у 1940 годзе пачалася з размяшчэння на іх тэрыторыі вайсковых савецкіх базаў. Сённяшняя Расія працягвае тую ж самую агрэсіўную палітыку. Варта згадаць трагічны выпадак на вайсковай базе Расіі ў Арменіі, калі рускі салдат без усякай прычыны знішчыў армянскую сям'ю. Акупацыя ўкраінскага Крыма таксама пачалася з расійскай вайсковай базы ў Севастопалі, а непрызнаная Прыднястроўская рэспубліка існуе дзякуючы рускай вайсковай базе на яе тэрыторыі. 
Мы патрабуем ад афіцыйных улад Беларусі адмовіцца ад падпісання пагаднення аб размяшчэнні на нашай тэрыторыі расійскай вайсковай базы, паколькі яно супярэчыць Канстытуцыі нашай краіны, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і наносіць вялікую шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Мы перакананыя ў тым, што беларускі народ выступае за тое, каб Беларусь была нейтральнай дзяржавай і не дапускала размяшчэння на сваёй тэрыторыі чужых вайсковых базаў.