Ведаеш беларускую мову — ідзеш у ВНУ
Удзельнікі праекта «Першыя» ад А1 з розных гарадоў нашай краіны зрабілі праект «Беларуская мова як шлях да паступлення». Галоўнай яго ідэяй з’яўляецца распаўсюджванне беларускай мовы, у першую чаргу, сярод абітурыентаў.

Ілюстрацыйнае фота gp.by
— Мы хочам, каб беларуская мова стала больш папулярнай сярод абітурыентаў. Наш праект закліканы распавесці людзям, што беларуская мова — цікавая, а калі здаваць яе на ЦТ, шанцы паступлення ў ВНУ становяцца вышэй, — распавяла адна з членаў каманды Ірына Срэбняк.
У праекце ўдзельнічаюць сем чалавек, усе яны навучаюцца ў школе, акрамя ментара Аляксандра. Раней рабяты не ведалі адзін аднаго, пазнаёміліся на этапе падрыхтоўкі да прэзентацыі сваёй ідэі. Каманда была прадстаўніком кірунку «Культура».
Школьнікі кажуць, што настаўнікі цалкам падтрымалі іх і дапамагалі з рэалізацыяй праекта.
У межах сваёй ініцыятывы рабяты правялі даследаванні, у якіх высветлілі суадносіны вучняў, якія здаюць беларускую і рускую мовы, адсотак вучняў-стобальнікаў, чаму абітурыенты здаюць рускую або беларускую мову, і прывялі прыклады, чаму беларускую мову лягчэй здаваць.

Дарэчы, даследаванні яны праводзілі цалкам самастойна: рабілі апытанкі ў Інстаграме, глядзелі статыстыку за мінулыя гады. Зрабілі дыяграмы, у якіх наглядна паказалі вынікі сваёй працы.

Таксама рабяты заснавалі старонку ў Інстаграме і канал у Тэлеграме, дзе яны публікуюць правіла беларускай мовы, зрабілі адмысловыя буклеты.
— Мы стварылі буклет з пералікам асноўных фактаў і некаторых правілаў, якія істотна адрозніваюцца ад рускай мовы і дэманструюць, наколькі лягчэй здаваць беларускую. Буклеты мы распаўсюджваем абсалютна бясплатна, і вы можаце замовіць іх і раздаць сваім вучням або аднакласнікам і такім чынам папулярызаваць беларускую мову, якая дазволіць вам і вашым сябрам мець большыя шанцы для паступлення, чым тым, хто яшчэ здае рускую.
Дарэчы, у паўсядзённым жыцці, кажуць удзельнікі праекта, яны не заўсёды размаўляюць па-беларуску, але стараюцца. На пытанне, што трэба зрабіць для пашырэння ўжывання роднай мовы, рабяты адказваюць проста: «Каб беларуская мова была больш распаўсюджанай, трэба, каб людзі хацелі размаўляць на ёй, каб людзям яна падабалася і каб людзі яе любілі».
Падтрымаць ініцыятыву можна падпіскай на Instagram і Telegram.