Віталь Рымашэўскі. Уцёкі з дзіцячага садка. Чаго не разумее міністр Карпенка?
Сёння ўлады давялі краіну да таго, што гатовая з'ехаць большасць.
У Светлагорску трое дзяцей збеглі з дзіцячага садка і з'ехалі ў Жлобін на цягніку. Выхавальніцу звольнілі, але пытанне “Хто вінаваты?” застаецца адкрытым.
Вялікае шчасце, што ўцёкі дзетак не скончыліся трагедыяй.
А што ж міністэрства адукацыі? «Пакараць стрэлачніка», загад міністра — «закруціць гайкі», «узмацніць дысцыпліну»! Выхавальніцу звольнілі, хаця бацькі былі супраць.
Складваецца ўражанне, што ў міністэрстве абсалютна не ведаюць, што робіцца ў дзіцячых садках і школах Беларусі. Ці ведаюць, але ім начхаць?
Не можа быць нармальнага выхавання ды і проста нармальнага нагляду за дзецьмі, калі склад садкоўскіх груп даходзіць да 30 чалавек! У пачатковай школе — тое ж самае. Выхавальнікі і настаўнікі бываюць розныя, але немагчыма надаць дастаткова ўвагі кожнаму дзіцяці ў такіх велізарных групах. Нагадаем, што заробкі выхавальнікаў дзіцячых садоў проста жабрацкія...
Акрамя таго, сучасны дзіцячы сад і пастаянныя хваробы, якія дзеці адтуль прыносяць, — гэта сінонімы.
Пры тым у краіне адсутнічае заканадаўчая база для прыватных дзіцячых садоў і школ. Нават перавесціся на сістэму хатняга навучання вельмі складана. Замест таго, каб дапамагаць альтэрнатыўнай сістэма адукацыі, улада выштурхвае яе ў нелегальнаю сферу. Беларусі патрэбна тэрміновая рэформа сістэмы адукацыі. І ў першую чаргу, неабходна легалізаваць і стварыць умовы для нармальнай працы прыватным дзіцячым садам, прыватным школам. Трэба перастаць душыць настаўнікаў папяровай работай, нікому не патрэбнымі справаздачамі і паказчыкамі.
Ад нашай сістэмы адукацыі даўно бягуць усе: бягуць студэнты, для якіх прэстыжнай з'яўляецца адукацыя ў еўрапейскім ВНУ (цікава даведацца статыстыку, колькі студэнтаў з ЕС пажадалі вучыцца ў Беларусі за апошнія дзесяць гадоў? Тысячы? або 3-2 чалавекі? Ці ніводнага?)
З радасцю пераводзяцца на пазашкольную форму навучання вучні, калі бацькі могуць гэта дазволіць, бо школьная саўдэпаўская сістэма аднолькава бяздушна ставіцца як да настаўнікаў, так і да школьнікаў. Таму што ў перапоўненых класах нават таленавітым вучням складана атрымаць якасную адукацыю.
І вось зараз пабеглі выхаванцы дзіцячых садкоў.
А калі сур'ёзна, то сітуацыя ў Беларусі такая, што большасць грамадзян з задавальненнем бы з'ехала вучыцца, працаваць, жыць у Еўрапейскім Саюзе. Раней даводзілася часта чуць ад прыхільнікаў дзеючай улады: «калі вам так не падабаецца ў нашай краіне — з’язджайце!» Сёння яны давялі краіну да таго, што гатовая з'ехаць большасць. Вось толькі калі б усе з'ехалі, то хто б тады карміў усіх гэтых чыноўнікаў, кдэбэшнікаў, ідэолагаў, міністраў? Усю гэту «эліту», якой тут і так жыць добра?
Сёння на шляху рэформаў сістэмы адукацыі ў Беларусі стаіць менавіта міністэрства. І калі міністр Ігар Карпенка гэтага не разумее, альбо не здольны на правядзенне рэформаў — яму трэба тэрмінова падаваць у адстаўку.
Хаця, ёсць і альтэрнатыва: не мяняючы савецкіх падыходаў, Карпенка можа прыставіць ахову МУС-КДБ да варот дзіцячых садкоў – у іх супрацоўнікаў і заробак паболей, і штат дазваляе.
Віталь Рымашэўскі, bchd.info