Нельга біць дзяцей па азадку. МУС хоча забараніць выхаванне гвалтам
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі хацела б цалкам забараніць ужыванне гвалту ў дачыненні да дзяцей.
«Мы падымалі гэтае пытанне на нацкамісіі па правах дзіцяці. Пазіцыя МУС: трэба нарэшце сказаць адназначна: забаронена ўжываць фізічныя метады ўздзеяння ў дачыненні да дзяцей», — заявіў у інтэрв’ю tut.by кіраўнік упраўлення прафілактыкі міліцыі грамадкай бяспекі МУС Алег Каразей.
Паводле прадстаўніка МУС, цяпер у Законе «Аб правах дзіцяці», які быў прыняты на пачатку 1990-х, утрымліваецца расплывістая фармулёўка.
«Тыя, каму стала вядома аб сітуацыі, калі ў дачыненні да дзяцей ужываецца гвалт, які пагражае іхнаму жыццю, здароўю і развіццю, павінны паведамляць у кампетэнтныя органы», — цытуе закон Алег Каразей. — То бок, у нас закон дапускае: калі гвалт бяспечны, паведамляць ня трэба. Але хто можа сказаць, небяспечны ўдар ці не? Атрымліваецца, што ў нас дзяцей біць можна».
Паводле прадстаўніка МУС, даследаванне 2012 года паказала, што 50% дзяцей з 5 да 9 гадоў падвяргаюцца псіхалагічнаму ціску, і кожнае другое дзіця пакутуе ад фізічнага гвалту падчас сталення.
Алег Каразей таксама паведаміў, што ў 2018 годзе МУС прадставіць канцэпцыю закону, у якім спіс тых, каго можна абвінаваціць у хатнім гвалце, будзе пашыраны. Законапраект будзе прадугледжваць увядзенне ў юрыдычную практыку паняцця «эканамічны гвалт» — забарона на кішэнныя грошы, кантроль расходаў, праверка чэкаў. Таксама будзе ўведзенае паняцце «дамагальніцтва».