З Анастасіі Перавошчыкавай, якую пакаралі 105 днямі арышту, патрабуюць 1421 рубель за ўтрыманне ў ізалятары
Жыхарка Гомеля Анастасія Перавошчыкава з канца студзеня, за выняткам некалькіх дзён на волі, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, піша «Радыё Свабода».

Анастасія Перавошчыкава
Яе сем разоў запар каралі арыштам на 15 сутак. Агулам атрымалася 105 сутак. На волю дзяўчына мае выйсці 9 траўня.
Днямі маці Анастасіі Алена Міціна атрымала дакументы, што за першы месяц арышту дзяўчына ўжо вінная 406 рублёў — «за харчаванне ў ІЧУ». Плюс за пратэрміноўку плацяжу налічылі яшчэ 40 рублёў. Агулам дзяўчына мусіць сплаціць 1421 рубель за «харчаванне».

Рахунак за ўтрыманне арыштаванай Анастасіі Перавошчыкавай у ізалятары.
«Як яна можа заплаціць грошы, калі яна сядзіць у іх дагэтуль? Я дні лічу да яе вызвалення... Яна цяпер у Буда-Кашалёўскім ІЧУ. Перадачы прымаюць толькі раз на тыдзень. Наста трымаецца. Ёй вельмі дапамагаюць лісты, якія пішуць людзі», — кажа маці.
Дзяўчыну пачалі караць «суткамі» за таемныя акцыі пратэсту, якія нехта праводзіў у раёне, пасля ператрусу, калі міліцыянты знайшлі ў яе кампутары макет раённага сцяга.
«Мне міліцыянт з Навабеліцкага РАУС Гомеля заявіў, што „больш няма на каго вешаць, апроч яе, бо ў некаторых дзеці, а іншыя з'ехалі за мяжу“. Так ён патлумачыў тое, што Насцю чарговы раз пакаралі арыштам», — расказвала ў лютым Алена Міціна.