«З табой, Марыя, пабудуем новую Беларусь!» Арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў у Будславе Імшу для пілігрымаў

Увечары 2 ліпеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у Будславе цэлебрацыю святой Імшы для пілігымаў.

2021_07_02_imsha18_006.jpg

Разам з заслужаным іерархам Эўхарыстыю, на якой прысутнічала некалькі тысяч вернікаў у Будславе, а таксама духоўна ядналіся з дапамогай прамой трансляцыі, цэлебравалі біскупы Алег Буткевіч, Казімір Велікаселец, Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, некалькі дзясяткаў святароў з усіх дыяцэзій Беларусі і з некалькіх манаскіх супольнасцяў.

2021_07_02_imsha18_017.jpg


На працягу ўсяго першага дня фэсту ў Будслаў прыбывалі як паасобныя пілігрымы, так і невялікія групы тых, хто дабіраўся на ўрачыстасць пешкі і на роварах. Вітаючы іх, а таксама мясцовых вернікаў і ўсіх тых, хто прыбыў у Нацыянальны санктуарый на асабістым і грамадскім транспарце, заслужаны іерарх падзякаваў Богу і Найсвяцейшай Багародзіцы за гэтую магчымасць супольнай малітвы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай.

2021_07_02_imsha18_002.jpg


У прамоўленай падчас Імшы гамілі ён напачатку нагадаў дэвіз сёлетняга фэсту, прысвечанага 30-годдзю адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: «Маці Касцёла, маліся за нас».
«У гэтых словах выказана падзяка Марыі за апеку над нашым Касцёлам падчас ганенняў на працягу трох пакаленняў; за дапамогу ў наш складаны час з аднаго боку свабоды веравызнання і адыходу ад Бога з другога, а таксама просьба аб клопаце пра яго ў будучыні, якая выглядае вельмі трывожнай», — падкрэсліў арцыпастыр.

2021_07_02_imsha18_014.jpg


«Сёння ля падножжа Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай мы просім Яе апекі для Касцёла ў нашай краіне, для нас саміх і нашай Бацькаўшчыны, якая перажывае складаны час пандэміі каронавіруса і грамадска-палітычнага крызісу. Да іх нечакана далучыўся пажар Будслаўскага санктуарыя», — зазначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён нагадаў, што Бог заклікае людзей давяраць Яму і Ягонай любові.
«У нашай грахоўнасці, у грамадскіх і асабістых падзеях, у гісторыі Бог не перастае шукаць нас. Але мы таксама павінны шукаць Яго», — сцвердзіў заслужаны іерарх.


Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў кароткім малітоўным заклікам да Багародзіцы:
«Марыя, у гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі выпрасі нам ласку даверу бязмежнай Божай любові, міласэрнасці і Божаму Провіду <…>.
З табой, Марыя, пойдзем у новае заўтра! З табой сумесна адбудуем прысвечаную Табе Будслаўскую святыню! З Табой пабудуем новую шчаслівую Беларусь!»

Мікола Гракаў, фота Віталія Палінеўскагаcatholic.by