За дрэнныя паказальнікі паслоў будуць ссылаць у Беларусь
Кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных місій, якія не справіліся з заданнямі па нарошчванні экспарту, плануецца адклікаць са службы.
Пра гэта заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка 12 ліпеня на сустрэчы з кіраўнікамі замежных устаноў у Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.
Ён нагадаў, што ў мінулым годзе на сустрэчы з кіраўнікамі дыпмісій у рамках штогадовай вучобы дыпламатаў Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці ўжываць меры адказнасці да паслоў, якія не спраўляюцца з заданнямі па росту экспарту на даручаных ім рынках.
"Па правядзенні мінулага семінара кіраўнік дзяржавы прапанаваў разгледзець дзейнасць паслоў і пакараць тых, хто не спраўляецца з усталяванымі заданнямі па экспарту. Я і мае калегі атрымалі вельмі шмат рэкламацый у сувязі з тым пакараннем, якое некаторыя атрымалі ад МЗС. Вы памятаеце, што ў нас там прыкладна шасці-сямі паслам строга паказалі на неабходнасць выканання экспартных паказчыкаў і зрабілі заўвагі", — дадаў першы намеснік міністра.
Па словах Еўдачэнка, урад пагадзіўся з такім падыходам. "Хачу сказаць, што кіраўнік дзяржавы зрабіў прыпіску — што тыя паслы, якія на працягу двух гадоў не выконваюць прагнозныя заданні па экспарце без аб'ектыўных на тое прычын, павінны адклікацца на радзіму. Я лічу, што гэта вельмі нармальная пастаноўка пытання", — сказаў чыноўнік .
"Вядома, калі мы глядзім на тыя дзесяць краін, у якіх сёння не выконваецца заданне па экспарце, у пераважнай большасці там ёсць каласальныя аб'ектыўныя прычыны, якія стаяць за зніжэннем тэмпаў экспарту", — дадаў Еўдачэнка.
"Нягледзячы на ўсе існуючыя ўмовы, структуры, інстытуты, вы ўяўляеце выдатна, што шчасце куецца ў адзіночку. Усё залежыць ад ручной, адзінкавай працы з кожным экспарцёрам, з кожнай таварнай пазіцыяй", — адзначыў першы намеснік міністра, звяртаючыся да беларускіх дыпламатаў.
Ён падкрэсліў важнасць прамых перамоваў паміж суб'ектамі гаспадарання, якія паслы не толькі дапамагаюць арганізоўваць, але і ўдзельнічаюць у іх "насуперак законам аб дыпламатычнай службе". "У мяне вялікая рэкамендацыя — працягваць гэтую працу", — сказаў Еўдачэнка.
Паводле belapan.by