За заклікі да санкцый можна будзе атрымаць да 12 гадоў зняволення
У панядзелак адкрываецца восеньская сесія Палаты прадстаўнікоў. Сярод іншага, на ёй будуць разгледжаны змены ў Крымінальны кодэкс. У прыватнасці, за заклікі да санкцый супраць сваёй краіны плануюць увесці адказнасць, дапоўніўшы 361-шы артыкул КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспецы РБ, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці).
Як распавёў у эфіры СТВАлег Белаконеў, старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў, па першай частцы гэтага артыкула за заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу, захопу ўлады, заклікі да тэрарыстычных актаў, у тым ліку і прымянення абмежавальных мер да самой дзяржавы, да фізічных, юрыдычных асобаў, будуць карацца пазбаўленнем волі да 6 гадоў. Другая частка — гэта ў асноўным заклікі да замежнай дзяржавы. То-бок, калі нейкі чалавек звяртаецца да ЕС, да нейкай іншай дзяржавы і просіць, каб увялі санкцыі супраць яго краіны, у якой ён пражывае, то да 10 гадоў. І трэцяя частка: калі гэта ажыццяўляецца з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт, сродкаў масавай інфармацыі, з выкарыстаннем службовага становішча службовай асобай, што пацягнула цяжкія наступствы, то пакаранне ўжо становіцца ад 4 да 12 гадоў.