За замах на жыццё сілавіка хочуць увесці пажыццёвае зняволенне

Праект зменаў у Крымінальны кодэкс прапануе ўзмацненне жорсткасці пакарання за замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа, вайскоўца (артыкул 362). Такія дзеянні прапануецца караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 15 да 25 гадоў або пажыццёвым пазбаўленнем свабоды, перадае officelife.media.

img_2231_logo_1.jpg

Апроч таго артыкул 369 «Абраза прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання» прапануецца выкласці ў такім выглядзе:
«Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання, учыненыя ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт, караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам».
Таксама прапануецца ўвесці ў КК артыкул 369-1 «Дыскрэдытацыя РБ». У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што «распаўсюд інфармацыі ў непрыстойнай форме, якая выказвае відавочную непавагу да беларускага народа і Рэспублікі Беларусь, здзейснены ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт, караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін».
Наўмыснае распаўсюджванне ў любой форме загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы РБ, накіраванае на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, прапануецца караць арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.