Трэнер Васіль Хамутоўскі: міліцэйская форма выклікае ў людзей страх, нянавісць і злосць

Былы брамнік зборнай Беларусі ды былы трэнер брамнікаў брэсцкага «Дынама» Васіль Хамутоўскі ў інтэрв'ю самаму вядомаму расійскаму футбольнаму блогеру КраСаве жорстка выказаўся пра беларускіх сілавікоў і тых нямногіх футбалістаў, якія падпісалі ліст праўладных спартсменаў.

tumilovich_krasava_2.jpg

Пра сілавікоў

— Ёсць добрая фраза пра афіцэраў: «Можна служыць, а можна выслужвацца». Цяпер яны не служаць, а выслужваюцца. У мяне бацька і мама служылі ў міліцыі, і ў 90-х мы ганарыліся, што бацькі абараняюць закон. А цяпер я не ведаю, што яны робяць.

Скажу нават не пра сябе, а пра людзей, якіх бачу ў нас у краіне. Людзі страцілі павагу [да іх]. Зараз міліцэйская форма, амапаўская форма, наогул ваенная, яна ў людзей выклікае страх, нянавісць і злосць. Ты [павінен] абараняць свой народ, але цяпер адбываецца ўсё па-іншаму.

Пра футбалістаў, якія падпісалі ліст праўладных спартсменаў

— Некаторыя футбалісты мне распавядалі, што іх выклікалі па тры разы спартыўныя дырэктары і казалі: «Ну вы ж усё разумееце». І вось гэтую фразу я чую пастаянна — ад сілавікоў, ад нашых кіраўнікоў.

Футбалісты малайцы, што не завагаліся, падпісалі адзінкі. Але тыя, якія падпісалі, я іх не асуджаю, але я ім больш рукі не падам. Таму што гэта значыць, што яны падпісаліся за гвалт і за тое тое, што дзеецца ў краіне, — распавёў Хамутоўскі.