Забараніць, нельга дазволіць

Яшчэ нядаўна мы, як і Заходняя і Цэнтральная Еўропа, задыхаліся ад спёкі. Пісалі пра тэмпературныя рэкорды, купальны сезон доўжыўся ва ўсю. Але практыка «краю блакітных азёраў» часам вельмі здзіўляе.

fota_1._ros__1__logo.jpg


Тэрыторыя вялікая, а пакупацца няма дзе

Яшчэ мінулым летам падчас велатуру даведаўся пра дзіва дзіўнае: на ўвесь Ваўкавыскі раён ёсць толькі пяць (!) месцаў, дзе афіцыйна дазволена купацца. Пры гэтым раён — адзін з самых вялікіх у краіне: каля тысячы двухсот квадратных кіламетраў. І людзей тут, нягледзячы на даўно ўжо стабільна адмоўную дэмаграфію, жыве нямала: паводле белстатаўскіх выкладак за 2018 год, больш за 70 тысяч.
Сёлета з нагодай праехаў тымі месцамі — на фронце без пераменаў. Заехаў у Падароск, там Зяльвянка, два возеры — а купацца нельга. За Ваўкавыскам ехаў кіламетраў з дзесяць уздоўж неглыбокай Росі — таксама забарона пад пагрозай штрафу. «Забарона не папяровая, адсочваюць, пішуць пратаколы, — падзяліўся трэнер і эксперт турызму з Краснасельскага Раман Ваўчок. — Тапельцы былі сёлета, нападпітку ўсе людзі, і адна жанчына здзейсніла суіцыд, папярэджвала некалькі разоў — дык асабліва дбаюць, каб да вады не падыходзілі. Хаця пры чым тут цвярозыя і ў ладах з сабою людзі? Як нам летам без вады?»

За купанне адказвае… ідэолаг?

Патэлефанаваў у Ваўкавыскі райвыканкам. Спецыяліст па спорце і турызме пацвердзіла: «Так, існуе забарона. Можа, і не зусім латвым падаецца, але ж дзеля людзей, іхняй бяспекі. Ну ды гэта ў кампетэнцыі ідэолагаў. Яны Вам больш скажуць».
Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Сяргей Швец праінфармаваў: «У нас у Ваўкавыскім раёне рашэннем райвыканкама вызначаныя месцы для масавага адпачынку — гэта значыць месцы, дзе можна купацца. Іх пяць. Гэта вадасховішчы Волпа, Вярэйкі, санаторый «Пралеска», Хацькоўцы і дамба. Яны абсталяваныя ўсім неабходным, дно абследавана вадалазамі, тэрыторыя апрацаваная супраць кляшчоў ды іншых насякомых». Кажу, а як жа так, быць на беразе невялікай рэчкі, як Рось, і не акунуцца — на сваю адказнасць? «Нельга, — не дае слабіны ідэолаг. — Там на дне корч можа быць. Цячэнне можа быць моцнае».
Кажу, быў у Берліне, дык возера Ванзее доўгае, дзесяць кіламетраў праехаў, і ніякіх табе шыльдаў з забаронамі. А калі небяспечна, то так і пішуць: «На ўласную адказнасць». «Дык мы ж дзеля людзей рашэнне прынялі, для іх бяспекі, — тлумачыць Сяргей Уладзіміравіч. — Службы выратавання ў дазволеных месцах ёсць, людзі адмыслова навучаныя, яны выратуюць». Пры згадцы Росі голас чыноўніка цяплее, ён прызнае, што ў дзіцячыя гады такіх забарон не зведаў, хадзіў купацца, як усе. Але заканчвае пэўна: «Супрацоўнікі РАУС выязджаюць у месцы, дзе яны ведаюць, што людзі купаюцца без дазволу, штрафуюць. Гэта ж не прыдумана, не толькі рашэнне райвыканкаму, парадак купання ў рамках шэрагу нарматыўных дакументаў адрэгуляваны».

Як з гэтым жыць

Бадай што самую сутнасць беларускага моманту схапіў ваўкавыскі ідэолаг. Зарэгуляваць, ахапіць усё, не даць зазору, люфту для нейкай «самадзейнасці», — і гэта пад маркай «клопату пра чалавека» дзеля яго бяспекі, дабра і мадзення».

2._most_berasce__1__logo.jpg


Тут мне прыходзяць бы пакліканыя для завяршэння гештальту дзве дэталі. Адна тэарэтычна ніцая, затое практычна магутная, другая — наадварот.
Першая — мост цераз Мухавец у родным мне Брэсце, непадалёку ад дома, дзе жыву. Мост чыгуначны. Ён тэарэтычны нуль — бо чыгункі няма. Засталася была, падпярэзвала горад з усходу і поўдня 15-кіламетровая дуга-атожылак з савецкага часу — вайскоўцы па ёй падвозілі свае снарады і ракеты да шматлікіх лясных месцаў дыслакацыі. Пасля таго, як Беларусь стала самастойнай, прастаяла гэтая даволі складаная ў інжынерным плане і дарагая камунікацыя попусту два дзясяткі гадоў. Нават не падумалі чыноўнікі прыстасаваць яе пад які-небудзь гарадскі або турыстычны сабвэй — разабралі нарэшце на пясок, шчэбень і металалом. А вось мост застаўся. Нібыта, задорага каштуе разборка.
Пераправа папулярная — на тым беразе тысячы лецішчаў, сеў на ровар, і прастуй сабе, а не круці кіламетры з тры кругу. Тым не менш, — вы правільна падумалі, — на мост з абодвух бакоў навесілі шыльду «Проход запрещён». Яшчэ на подступах капітальныя шыльды паставілі і на самой жалезнай канструкцыі вялізнымі чырвонымі літарамі накрэслілі. НЕЛЬГА!
Напэўна, не таму, што жалезная спаруда рухне ад вагі чалавека. Па ёй жа нядаўна цягнікі каціліся. Проста дошкі двайнога насцілу там-сям адсталі, бетон абкрышыўся, і нешта з кімсці можа там здарыцца. А чыноўнікі нашы — яны і малайцы: «Мы ж забаранілі, а ты папёрся. Жывеш небяспечна».
Так мы, дарэчы, і на веласіпедах ездзім — па гарбатых, з «аварыйнай» глыбіні ямамі, тратуарах, замест каб па гладкім, як гэта належыць колу, як едуць-кацяцца нармальныя людзі ў нармальных краінах, дзе ў чыноўнікаў нармальныя мазгі, бо яны не «государевы», а выбарныя людзі. Ні-зь-зя, пагатоў што чыноўнікі свае целы на тых роварах яўна не перамяшчаюць.
Другая развага мае сваім цэнтравым звяном артыкул 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. «Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на замяшчэнне шкоды, нанесенай парушэннем гэтага права». Добра гучыць. Але ваўкавыскія мітрэнгі, якія ў той ці іншай форме няйначай маюць усебеларускі характар, выклікаюць вобраз старажытнагрэчаскага пакутніка Тантала. Яго, нагадаю, богі выраклі на тое, каб стаяў па шыю ў вадзе і не мог напіцца. І калі ўжо (сама)пакутаваць стала нашай нацыянальнай ідэяй або, возьмем менш, нацыянальнай традыцыяй, то ў такім святле хораша чытаецца яшчэ адзін артыкул Асноўнага закона пад нумарам 52. «Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі».