Закрываецца «Клініка А1», якую правяралі разам з «Лодэ»

На пачатку траўня Міністэрства аховы здароўя прыпыніла дзеянне ліцэнзій на медычную дзейнасць «Лодэ» і «Клінікі А1». І калі «Лодэ» можа адкрыцца ўжо бліжэйшым часам, то ў «Клінікі А1» — адваротная сітуацыя.

8858e422_57d0_4f24_91ab_e91c65130a65_w1023_r1_s.webp

На пачатку траўня Міністэрства аховы здароўя прыпыніла дзеянне ліцэнзій на медычную дзейнасць «Лодэ» і «Клінікі А1». І калі «Лодэ» можа адкрыцца ўжо бліжэйшым часам, то ў «Клінікі А1» — адваротная сітуацыя. Прычына гэтага — унутраныя разборкі паміж заснавальнікамі, піша блог «Отражение».

«Рэсурсаў аднавіць клініку не хопіць»

Па словах дырэктаркі медцэнтру Алены Шарафановіч, праверка Міністэрства здароўя падкасіла і так невялікую кампанію.

— Яшчэ за месяц да таго, як Міністэрства аховы здароўя прыпыніла дзеянне нашай ліцэнзіі, нам вынес прадпісанне Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Савецкага раёну. Гэта значыць, па сутнасці, з 11 красавіка мы не дзейнічаем, і клініка не мела ніякага даходу, — кажа яна.

У выніку ў клінікі А1 утварыліся запазычанасці, у прыватнасці па падатках і заробках, якія кампанія не можа пагасіць.

— Асноўнае абсталяванне мы ўжо вярнулі прадаўцу за няплаты. Адпаведна, цяпер няма магчымасці аднавіць нашу дзейнасць, — кажа дырэктарка. — Таму ключавыя супрацоўнікі з ліцэнзіяй па хірургіі, дэрматалогіі і касмэталогіі ўжо звольненыя. Запазычанасці па зарплаце цяпер складае два месяцы.

У такім стане кампанія апынулася пасля дзвюх амаль адначасовых праверак. І калі пасля прыходу санстанцыі заставалася надзея выправіць недахопы і зноў адкрыцца, то пасля рашэння Мінздароўя пра гэта давялося забыцца.

— Калі перыяд адсутнасці медычнай дзейнасці працягнулі, стала зразумела, што рэсурсаў аднавіць яе ў нас не хопіць.

Сярод прэтэнзій санстанцыі, зазначае Алена, было тое, што не ўсе супрацоўнікі мелі даведку аб пройдзеным медаглядзе. Або не хапала ёмістасцяў для дэзінфекцыі інструментаў.

— Усё гэта можна было хутка паправіць: лекарам прайсці медагляд або прынесці даведку, бо ў нас усе дактары — сумяшчальнікі і праходзяць агляд па асноўным месцы працы. Дакупіць ёмістасці. А прэтэнзіі Мінздароўя да нас, на жаль, не дайшлі. Нам прыйшло прадпісанне, што нас закрываюць да моманту выпраўлення недахопаў на тэрмін да шасці месяцаў. Але як такога рашэння лячэбна-кантрольнай рады Міністэрства аховы здароўя мы так і не атрымалі. Нам не пералічылі тыя недахопы, з прычыны якіх нам прыпынілі дзейнасць.

У справаздачы Міністэрства аховы здароўя быў пададзены пералік парушэнняў, выяўленых у «Клініцы А1». Сярод іх была адсутнасць санітарнага пашпарта на лазерную сістэму, парушэнні пры аказанні медычных паслуг пацыентам, няякаснае вядзенне медычных дакументаў.

Клініка ў стадыі закрыцця

Цяпер клініка ў стадыі закрыцця. Пры гэтым пазначыць гэта на сайце немагчыма, расказвае Алена. З прычыны канфлікту заснавальнікаў адміністрацыя цяпер не мае да яго доступу.

— А 1 чэрвеня ўся інфармацыя з нашага сайта была скапіявана на іншы сайт клінікі, якая нанава адкрылася. Людзі тэлефануюць, думаючы, што трапілі ў «Клініку А1», а на тым канцы дроту ім адказваюць: «Мы рады вас бачыць, у нас тыя самыя лекары, чакаем». У акаўнце ў Instagram, доступ да якога мы страцілі, таксама з'явілася інфармацыя, што «Клініка А1» перайменаваная. Але гэта інфармацыя, не вартая веры. Наша клініка не пераймяноўвалася, нікуды не пераехала, яна не працуе і будзе зачыняцца, — кажа дырэктарка медцэнтру.

Прычынай такой пільнай увагі да медцэнтру з боку санстанцыі, а затым і Мінздароўя, Алена Шарафановіч называе канфлікт паміж ёй і адным з заснавальнікаў.

«Клініку А1» заснавалі двое — Руслан Шарафановіч і Людміла Гурлева. Дырэктар клінікі — жонка аднаго з заснавальнікаў. Заснавальнік мэдцэнтру Руслан Шарафановіч пацвердзіў, што канфлікт сапраўды быў.