Замест «Дынама» арганізатары канцэрта на Дзень Волі падалі новую заяўку

Заяўнікі акцыі на Дзень Волі падалі новую заяўку на святкаванне ўгодкаў БНР.

Павел Белавус. Фота з фэйсбука

Павел Белавус. Фота з фэйсбука

Падчас «Вялікай размовы» з журналістамі і прадстаўнікамі экспертнай супольнасці Лукашэнка заявіў, што арганізатары Дня Волі не атрымаюць у якасці пляцоўкі стадыён «Дынама».

У адказ арганізатары падалі ў Мінгарвыканкам заяўку з прапановай правесці святкаванне на іншых пляцоўках.

Эдуард Пальчыс / Еўрарадыё

Эдуард Пальчыс / Еўрарадыё

Пра новую заяўку ў Мінгарвыканкам з нагоды святкавання Дня Волі Эдуард Пальчыс распавёў у інтэрв'ю «Еўрарадыё». “У нас два варыянты. Першы варыянт — шэсце да пляцоўкі ля Палаца спорта і сам Палац спорта як месца, дзе будзе адбывацца святкаванне. Другі варыянт — шэсце на плошчу Свабоды, дзе будзе праведзенае мерапрыемства. Гэта дзве пляцоўкі, на якіх штогод праводзіцца вельмі шмат масавых мерапрыемстваў, самых розных — ад сельскагаспадарчых выставаў да байк-шоў з удзелам прэзідэнта і яго сыноў. Гэта не новенькі стадыён “Дынама”, дзе каго-небудзь можна абразіць. Таму мы не бачым прычын для адмоваў”.

Дырэктар крамы symbal.by Павел Белавус кажа: «Мы не просім нейкія фантастычныя варыянты... Названыя лакацыі добра вядомыя як месца арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Гэта магло б быць кампрамісным варыянтам для ўсіх бакоў».

Ён кажа, што не будзе браць удзелу ў святкаванні 101-й гадавіны незалежнасці БНР на плошчы Бангалор. «У выпадку адмовы магчымы сцэнар з дэцэнтралізацыяй святкавання, — кажа Белавус. — Мы не збіраемся ладзіць палітычную акцыю, гэта будзе свята, каб людзі маглі ўзняць бел-чырвона-белыя сцягі, пачуць віншаванні».