Затрыманых анархістаў падазраюць у тэрарызме. Аліневіча затрымалі пры выездзе з Беларусі
У ноч з 28 на 29 кастрычніка пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі была затрыманая група анархістаў. Сярод іх — Ігар Аліневіч і Дзмітрый Разановіч (імёны астатніх удакладняюцца). Цяпер усе затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
Дзмітрый Разановіч змог патэлефанаваць сваякам і паведаміць, што ім прад'яўляюць арт. 289 "Акт тэрарызму" і арт. 295 "Незаконны абарот зброі" КК РБ, піша суполка dissidentby.
Ігар Аліневіч – былы палітвязень. Быў затрыманы 28 лістапада ў 2010 года ў Маскве і вывезены невядомымі ў Беларусь. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ.
27 траўня 2011 года суд Заводскага раёна Мінска пакараў Ігара 8 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў абвінавачаны паводле часткі 2 артыкула 339 КК РБ (хуліганства, здзейсненае групай асоб) і частак 2 і 3 артыкула 218 КК (пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры). Пазней памілаваны Лукашэнкам. Аўтар кнігі "Еду ў Магадан", дзе апісаў сваё зняволенне ў СІЗА КДБ.
Дзмітрый Разановіч —— анархіст з Гомеля, у 2014 годзе быў затрыманы пры пераходзе ўкраінска-расійскай мяжы і правёў 4 месяцы ў дэпартацыйным лагеры.
Першапачаткова паведамлялася, што Ігар Аліневіч ўязджаў у Беларусь. Але ў рэальнасці аказалася, што яго затрымалі на выездзе з краіны.