Жыццё не па сродках

На мінулым тыдні ў рознічным гандлі былі заўважаны кілбасы коштам больш за 100 тысяч рублёў за кілаграм. Далей няма куды? Не.



1b9e43c170cd3fc59624a18663b8d4d2.jpg

На мінулым тыдні ў рознічным гандлі былі заўважаны кілбасы коштам больш за 100 тысяч рублёў за кілаграм. Далей няма куды? Не.
Каб адказаць на пытанне «чаму», трэба разгледзець структуру эканомікі аграпрамысловага комплексу. Як вядома, яе склад фарміруюць непасрэдныя вытворцы сельскагаспадарчай сыравіны і перапрацоўчыя прадпрыемствы. Прадукцыяй апошніх з’яўляюцца гатовыя да ўжывання харчовыя прадукты або паўфабрыкаты. Для іх вытворчасці патрабуецца вельмі шмат цеплавой і электрычнай энергіі, таму цалкам зразумела, што дэвальвацыя нацыянальнай грашовай адзінкі рэзка падвысіла сабекошт вытворчасці тых жа кілбас у рублях.
Але і гэта не ўсё. На палях і фермах працуе процьма розных механічных ці электрамеханічных агрэгатаў, дый увогуле выкарыстоўваюцца тэхналогіі, якія нельга назваць энергазберагальнымі. З гэтай нагоды сабекошт вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў нацыянальнай валюце таксама падвысіўся. Ужо ў ліпені індэкс коштаў вытворцаў сельгаспрадукцыі ў раслінаводстве адносна студзеня мінулага года склаў 187%, у тым ліку па зерню і зернебабовым — 230%, па бульбе — 190,5%. Калі ж параўнаць кошты ліпеня бягучага года з ліпенем мінулага, то безумоўным лідарам у цэнавай гонцы з’яўляецца бульба — індэкс коштаў вытворцаў гэтай нацыянальнай культуры склаў 300%.
Паколькі ў спажыванні бульбы, так бы мовіць, на роўных канкуруюць насельніцтва і свіное пагалоўе Рэспублікі Беларусь, то цэнавая дынаміка на бульбу ў значнай ступені вызначае дынаміку коштаў харчовых тавараў. А гэта значыць, што яны маюць вельмі значную перспектыву для далейшага падвышэння. Збіць гэту хвалю можна толькі павялічэннем датацый сельгаспрадпрыемствам. Але ў выпадку з бульбай нават гэтыя прэферэнцыі зрабіць цяжка, бо абсалютную большасць «другога хлеба» вырошчваюць і пастаўляюць на рынак не сельгаскааператывы, а гаспадаркі насельніцтва і фермеры. А ім дзяржава ніколі не забяспечвае прэферэнцый, баючыся канчатковага банкруцтва арганізаванага сектара аграрнай эканомікі.
Дэвальвацыя ўвогуле паставіла перад грамадствам некалькі далікатных пытанняў. Па-першае, аб адказнасці ўлады за штучнае, эканамічна неабгрунтаванае падвышэнне заробкаў і іншых грашовых выплат насельніцтву на працягу перадвыбарнага 2010 года. Было сказана, што беларусы жывуць не па сродках, але не яны друкавалі грошы, якімі ім выплачваліся падвышаныя заробкі. Шараговыя беларусы паверылі ў эканамічную стабільнасць, яны з паразуменнем паставіліся да 20% дэвальвацыі напачатку 2009 года, пагадзіўшыся, што тыя цяжкасці абумоўлены сусветным фінансавым крызісам. Але ж сітуацыя 2010 года была цалкам створана ўладамі. Спачатку грошы выдалі, а потым залезлі ў кішэні і забралі ў кожнага столькі, колькі палічылі мажлівым. Пасля скасавання савецкіх ашчаджэнняў грамадзян (якія, дарэчы, абяцалі ў нейкай ступені кампенсаваць), гэта другое маштабнае рабаванне насельніцтва дзяржавай, якая быццам бы створана народам і дзейнічае ў інтарэсах народа.
З боку народа, дарэчы, ніякіх масавых акцый пратэсту не назіралася, але пратэстныя настроі, хоць і не вельмі акрэсленыя, значна пашырыліся. Людзі амаль перасталі баяцца саміх сябе. Пакуль што. У крамах, у грамадскім транспарце, ва ўстановах сацыяльнага забеспячэння звычайна вельмі эмацыянальна выказваюцца такія вострыя меркаванні, якія раней можна было палічыць правакацыямі. Хоць на самай справе зараз галоўным правакатарам сацыяльнай варожасці ў грамадстве з’яўляецца эканамічная палітыка ўладаў. З улікам вертыкальнай іерархіі можна назваць і імёны галоўных правакатараў.
Патрабуе тлумачэння пытанне, навошта ўсё гэта было зроблена. Калі мэтай было адабраць грошы ў насельніцтва, дык атрымалася вельмі файна. У адзін момант заробкі людзей зрабіліся цалкам «умоўнымі»: можна не памерці з голаду, але нельга нармальна жыць. А камусьці ўвогуле нельга жыць. Згодна дадзеным Белстата, 2,9% занятых мелі ў маі заробак меней за 500 тысяч рублёў. Гэта не так ужо і мала — 135 тысяч чалавек. 27,6% усіх занятых (1,29 мільёна чалавек) мелі заробкі ад 0,5 да 1 мільёна рублёў. А найбольшую ўдзельную вагу сярод занятых (28,7%, або 1,339 мільёна чалавек) мелі заробкі ад 1 да 1,5 мільёна рублёў. Заработная плата гэтай апошняй групы знаходзіцца ў сярэдзіне шэрагу зарплат (іх атрымоўвае самая вялікая частка занятых) і таму яна называецца медыяннай. З гэтай нагоды лічыцца, што медыянная зарплата больш адэкватна характарызуе стан рынка працы, чымсьці сярэдняя, якая вызначаецца простым дзяленнем агульнага фонду заработнай платы на колькасць занятых.
Такім чынам, у маі большая частка занятых (59,2%, або 2,762 мільёна чалавек) мела заробкі да 1,5 мільёна рублёў, што па курсу, які існаваў да 23 мая, не дацягвала да абяцаных 500 долараў. Пасля дэвальвацыі заробкі гэтай групы, калі пералічыць іх па адзінаму рэальнаму тады курсу чорнага рынка, складалі ад 70 да 210 долараў. Калі ўлічыць, што рыса беднасці для краін, якія месцяцца на Поўдні ад Сахары, складае 30 долараў, то матэрыяльнае становішча значнай часткі беларусаў стала цалкам параўнальным з «дабрабытам» бяднейшых краін свету.
Як яно далей пойдзе, пакуль невядома. Ясна, што для стабілізацыі коштаў на спажывецкім рынку заробкі будуць падвышацца. На нейкім этапе (магчыма, што гэта ўжо адбылося) заробкі большасці занятых згубяць сацыяльна-эканамічны змест, бо людзі згубяць усе шансы зарабляць дастаткова на жыццё. Таму трэба забяспечваць іх рост. Пакуль што ўрад і шаноўны спадар прэзідэнт нічога лепшага не прыдумалі, акрамя друкавання пустых паперак. Рэальныя заробкі ўсё яшчэ змяншаюцца, затое кашалькі таўсцеюць.
Да дэвальвацыі гэта рабілася дзеля перамогі на выбарах, зараз — дзеля захавання ўлады.