Зміцер Дашкевіч асуджаны на 25 сутак арышту
Былога палітвязня Змітра Дашкевіча пакаралі на 15 і 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле двух пратаколаў пра парушэнне правілаў нагляду і пра непадпарадкаванне міліцыі.
Нагадаем, Дашкевіч быў затрыманы позна ўвечары 24 красавіка на выхадзе са сваёй кватэры. Яго спынілі проста перад пад’ездам дому, дзе ён жыве, паведаміла яго жонка Наста Дашкевіч.
Зміцер паспеў паведаміць пра гэта жонцы, выказаўшы меркаванне, што, верагодна, атрымае адміністрацыйны арышт. Магчыма, прэвентыўнае затрыманьне звязана з «Чарнобыльскім шляхам», што мае адбыцца ў суботу. Але Наста Дашкевіч зазначае, што Зміцер не збіраўся браць удзел у гэтым мерапрыемстве.
Дашкевіча вінавацяць ў парушэнні правілаў нагляду і ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Згодна з правіламі нагляду, Дашкевічу забаронена пакідаць месца жыхарства з 20 да 6 гадзін.
На судзе Дашкевіч прызнаў, што спазьніўся дамоў, бо затрымаўся на працы. Але ён назваў хлуснёй заявы міліцыянтаў пра непадпарадкаванне.
Тым не менш, суддзя суда Першамайскага раёну Мінска Юры Гарбатоўскі вынес рашэнне па абодвум адміністрацыйным пратаколам.
«Няма што каментаваць, нейкі абсурд. Звязана з магчымай актыўнасцю Маладога фронту перад Чарнобыльскім шляхам і Чэмпіянатам свету па хакеі», — заявіў Дашкевіч Радыё Свабода пасля таго, як суддзя Юры Гарбатоўскі абвесціў сваё рашэнне.
Праваабаронцы адзначаюць, што толькі за тры апошнія дні ў Мінску прэвентыўна былі затрыманыя Максім Вінярскі, Ілля Дабратвор, Аляксандр Сцепаненка і Уладзімер Сяргееў. Яны лічаць што гэтыя безпадстаўныя затрыманні звязаныя з правядзеннем традыцыйнага шэсця «Чарнобыльскі шлях», якое адбудзецца ў суботу. Магчыма таксама, што затрыманні звязаныя з візітам у Беларусь прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, запланаванага на 29 красавіка.