Зміцера Дашкевіча судзяць за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду
Першамайскі суд Мінска пачаў разглядаць адміністрацыйную справу былога палітвязня Зміцера Дашкевіча.
Дашкевіч быў затрыманы позна ўвечары 24 красавіка на выхадзе са сваёй кватэры. Яго спынілі проста перад пад’ездам дому, дзе ён жыве, паведаміла яго жонка Наста Дашкевіч.
Зміцер паспеў паведаміць пра гэта жонцы, выказаўшы меркаванне, што, верагодна, атрымае адміністрацыйны арышт. Магчыма, прэвентыўнае затрыманьне звязана з «Чарнобыльскім шляхам», што мае адбыцца ў суботу. Але Наста Дашкевіч зазначае, што Зміцер не збіраўся браць удзел у гэтым мерапрыемстве.
Дашкевіча вінавацяць ў парушэнні правілаў нагляду і ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Згодна з правіламі нагляду, Дашкевічу забаронена пакідаць месца жыхарства з 20 да 6 гадзін.
28 жніўня 2013 года Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю з гарадзенскай турмы № 1 пасля амаль трохгадовага зняволеньня. Яго арыштавалі напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, і асудзілі спачатку за «асабліва злоснае хуліганства», а пасля — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Прэвентыўны нагляд над Змітром Дашкевічам павінен скончыцца 28 траўня.
Праваабаронцы адзначаюць, што толькі за тры апошнія дні ў Менску прэвентыўна былі затрыманыя Максім Вінярскі, Ілля Дабратвор, Аляксандр Сцепаненка і Уладзімер Сяргееў. Яны лічаць што гэтыя безпадстаўныя затрыманні звязаныя з правядзеннем традыцыйнага шэсця «Чарнобыльскі шлях», якое адбудзецца ў суботу. Магчыма таксама, што затрыманні звязаныя з візітам у Беларусь прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, запланаванага на 29 красавіка.
Паводле Радыё Свабода