Знакамітае інстаграмнае макавае поле — нечаканая развязка і праблемы гаспадара
Вядомае поле з чырвонымі макамі, куды беларусы масава ездзілі рабіць фотаздымкі і дзяліліся імі ў сацсетках, знішчанае. А ў гаспадара — сур'ёзныя праблемы.
![Фота з фэйсбуку Вольгі Харламавай Фота з фэйсбуку Вольгі Харламавай](/img/v1/images/290302192_10228085879683245_9003128230738011739_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з фэйсбуку Вольгі Харламавай
Макавага поля, якое знаходзілася пад Лідай паблізу вёскі Малое Ольжава, больш не існуе.
На гэта поле беларусы з розных куткоў краіны ўлетку ездзілі ладзіць фотасесіі, дзяліліся фотаздымкамі і збіралі букеты ярка-чырвоных кветак
Цяпер поле знішчанае мясцоваю ўладаю. А сумную гісторыю поля і яго гаспадара паведаміла лідскае выданне. Высветлілася, што поле было прыватнае, яно належала прыватнаму прадпрымальніку. А з прыгожых кветак ён займеў сур'ёзныя праблемы.
Гаспадар поля збіраўся вырошчваць зусім не макі. Увесну ён набыў насенне рапсу, але разам з рапсам на полі нечакана ўзышлі і макі. І гэта прынесла яму адны праблемы: і ўраджаю рапсу няма, і бясконцыя «фотапаломнікі» не давалі спакою ды тапталі зямлю, дый міліцыя зацікавілася макамі.
І нібыта фермер не вінаваты, што на 106 гектарах у яго выраслі макі, але міліцыя пастанавіла, што ён мусіў пакасіць поле. Але з ажыццяўленнем пакосу фермер замарудзіў.
Далей раённая газета pvlida.by, са спасылкай на прэс-службы Лідскага РАУС, піша: «Праваахоўнікі звярнулі на гэта поле ўвагу не толькі таму, што сам фермер прасіў абараніць яго ад шматлікіх "наведвальнікаў". Справа ў тым, што ў злачынных руках мак ператвараецца ў небяспечны наркотык. Тым больш, што пад Малым Ольжавым яго цэлых 106 гектараў. Небяспечнае наркатычнае рэчыва — макавую салому — у кветках з гэтага поля пацвердзіла і экспертыза. Адразу пасля атрымання яе вынікаў уся плантацыя была знішчаная. А што з фермерам? За несвоечасовае выкананне прадпісання і ігнараванне патрабаванняў міліцыі гэты зямельны ўчастак у яго канфіскаваны».