Журналістаў тэлеканала «Белсат», якія рабілі апытанне, пакаралі за «хуліганства» на 10 і 15 дзён арышту
Змітра Солтана суддзя пакарала на 15 дзён арышту, Любоў Лунёву на 10 дзён.
![Любоў Лунёва Любоў Лунёва](/img/v1/images/851eb2e0_335b_4b62_83ab_d46229b20deb.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Любоў Лунёва
Журналістаў судзілі за апытанне мінакоў каля будынку мінскай філармоніі, падчас якога іх затрымалі, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на «Белсат».
Пасля затрымання абаіх даставілі для высвятленьня асобаў у РУУС Савецкага раёну, а пасля перавезлі ў ізалятар на Акрэсціна.
Першым пачалі судзіць відэааператара Змітра Солтана. Працэс вяла Марына Фёдарава, якая ў першай палове дня паспела асудзіць на 15 сутак выкладчыка БДУ Яраслава Ката.
Паводле сведкі, участковага Савецкага РУУС Мікіты Бельскага, і ён асабіста, і капітан міліцыі Вячаслаў Громаў рабілі журналісту «неаднаразовыя заўвагі».
«У холе Савецкага РУУС выказваў незадаволенасць прадстаўнікамі МУС, перашкаджаў працы міліцыянтаў, гучна размаўляў, называў праваахоўнікаў карнікамі і фашыстамі», — даклаў участковы на судзе.
Пасля прамовы сведкі суддзя Марына Фёдарава аб’явіла 20-хвілінны перапынак і пачала судзіць Любоў Лунёву. Пратакол слова ў слова быў такі ж самы, як у Змітра Солтана.