9 псіхічна хворых пісьменнікаў, што далі свету вялікія ідэі

Творчасць, пагатоў геніяльная, заўжды містыфікуецца і часам мяжуе з ўяўленнямі пра таемныя закуткі чалавечага розуму – настолькі небяспечныя, што яны часам могуць прывесьці да рэальных захворванняў.



edgar_allen_poe_artwork_edgar_allan_poe_7363811_500_647.jpg

Эдгар Алан По
Пацыент №1

Эдгар Алан По (1809—1849), амерыканскі празаік, паэт.

Дыягназ. Душэўны разлад, дакладны дыягназ не высветлены.

Сімптомы. Страх цемры, правалы ў памяці, манія пераследу, неадэкватныя паводзіны, галюцынацыі.

Гісторыя хваробы. Ужо з канца 1830-х гадоў Эдгар По пакутаваў на частыя дэпрэсіі. Акрамя таго, ён злоўжываў алкаголем, што адбівалася на яго псіхіцы не найлепшым чынам: пад дзеяннем выпітага пісьменнік часам упадаў у стан буйнага шаленства. Да алкаголю неўзабаве дадаўся опій. Істотна пагоршыла душэўны стан По цяжкая хвароба яго юнай жонкі (сваю кузіну Вірджынію ён узяў у жонкі трынаццацігадовай; праз сем гадоў шлюбу, у 1842 годзе, яна захварэла на туберкулёз, а яшчэ праз пяць гадоў памерла). Пасля смерці Вірджыніі — за тыя два гады жыцця, што засталіся яму самому, — Эдгар По яшчэ некалькі разоў закохваўся і два разы хацеў ажаніцца. Першая спроба правалілася праз адмову абранніцы, напалоханай яго чарговым зрывам, другая — праз няяўку жаніха: незадоўга да вяселля По моцна напіўся і ўпаў у шаленства. Ён быў знойдзены ў таннай балтымарскай карчме праз пяць дзён. Пісьменніка змясцілі ў клініку, дзе ён і памёр яшчэ праз пяць дзён, пакутуючы ад жудасных галюцынацый. Адзін з галоўных кашмараў По — смерць у адзіноце — спраўдзіўся: шмат з каго ён браў абяцанне быць з ім у апошнюю гадзіну, але ў тры гадзіны ночы 7 кастрычніка 1849 нікога з блізкіх побач не аказалася. Перад смерцю По адчайна заклікаў да сябе Джэрэмі Рэйналдса, даследчыка Паўночнага полюса.

Ідэі, падораныя свету. Два найпапулярнейшыя сучасныя літаратурныя жанры. Першы — раман (або апавяданне) жахаў. Вялікі ўплыў на Эдгара По зрабіў Гофман, аднак гофманаўскі змрочны рамантызм По ўпершыню згусціў да кансістэнцыі сапраўднага кашмару — глейкага, бязвыхаднага і дасканалага («Сэрца выкрывае», «Падзенне Дому Ашэраў»). Другі жанр — дэтэктыў. Менавіта мсье Агюст Дзюпэн, герой апавяданняў Эдгара По «Забойствы на вуліцы Морг», «Таямніца Мары Ражэ» і «Скрадзены ліст», стаў родапачынальнікам дэдуктыўнага метаду і яго апалагета, містэра Шэрлака Холмса.

budzma.by__wp_content_uplo_dd3dcc5318a48609961312d7744355d4.jpeg

budzma.by__wp_content_uplo_efbf234de1635cb85b81a9dc234ab800.jpeg

Пацыент №2

Фрыдрых Вільгельм Ніцшэ (1844—1900), нямецкі філосаф.

Дыягназ. Ядзерная мазаічная шызафрэнія (больш літаратурны варыянт, пазначаны ў большасці біяграфій, — апантанасць).

Сімптомы. Манія велічы (рассылаў цыдулкі з тэкстам: «Праз два месяцы я стану першым чалавекам на зямлі», патрабаваў зняць са сцен карціны, бо яго кватэра — «храм»); памутненне розуму (абдымаўся з канём на цэнтральнай гарадской плошчы, замінаючы вулічнаму руху); моцныя галаўныя болі; неадэкватныя паводзіны. У медыцынскай карце Ніцшэ, у прыватнасці, гаварылася, што хворы піў з бота сваю мачу, выдаваў няўцямныя крыкі, прымаў бальнічнага вартаўніка за Бісмарка, спрабаваў забарыкадаваць дзверы аскепкамі разбітага шкла, спаў на падлозе каля ложка, скакаў па-казлінаму, строіў грымасы і выстаўляў левае плячо.

 


Гісторыя хваробы. Ніцшэ перанёс некалькі апаплексічных удараў; пакутаваў на псіхічны разлад апошнія 20 гадоў свайго жыцця (менавіта ў гэты перыяд з’явіліся найбольш значныя яго творы — да прыкладу, «Так сказаў Заратустра»), 11 з іх ён правёў у псіхіятрычных клініках, дома пра яго клапацілася маці. Стан яго пастаянна пагаршаўся — пад канец жыцця філосаф мог складаць толькі самыя простыя фразы.

Ідэі, падораныя свету. Ідэя Звышчалавека (як ні парадаксальна, менавіта гэты таварыш, што скакаў па-казлінаму і выстаўляў левае плячо, асацыюецца ў нас са свабоднай, надмаральнай, дасканалай асобай, якая існуе па той бок дабра і зла). Ідэя новай маралі (мараль гаспадароў наўзамен маралі рабоў): здаровая мараль павінная праслаўляць і ўмацоўваць натуральнае імкненне чалавека да ўлады. Усякая іншая мараль балючая і хворая. Дапушчэнне «Бог памёр».

budzma.by__wp_content_uplo_34054c62e54af6b228efedd3bfaf54f4.jpeg

 

budzma.by__wp_content_uplo_6b95b1ce5c19b0733f4f635aa7026aba.jpeg

 

Пацыент №3

Эрнэст Мілер Хэмінгуэй (1899—1961), амерыканскі пісьменнік.

Дыягназ. Вострая дэпрэсія, псіхічны разлад.

Сімптомы. Суіцыдальныя схільнасці, манія пераследу, нервовыя зрывы.

Гісторыя хваробы. У 1960 годзе Хэмінгуэй вярнуўся з Кубы ў ЗША. Яго мучылі частыя дэпрэсіі, пачуццё страху і няўпэўненасці, ён практычна не мог пісаць — а таму добраахвотна пагадзіўся прайсці лячэнне ў псіхіятрычнай клініцы. Хэмінгуэй перанёс 20 сеансаў электрашоку, аб гэтых працэдурах ён адазваўся так: «Дактары, якія рабілі мне электрашок, пісьменнікаў не разумеюць: які сэнс быў у тым, каб разбураць мой мозг і сціраць маю памяць, якая ўяўляе сабой мой капітал, і выкідваць мяне на ўзбочыну жыцця? Гэта было бліскучае лячэнне, вось толькі пацыента яны страцілі». Па выхадзе з клінікі Хэмінгуэй пераканаўся ў тым, што па-ранейшаму не можа пісаць, і зрабіў першую спробу самагубства, аднак блізкія здолелі яму перашкодзіць. Па просьбе жонкі ён прайшоў паўторны курс лячэння, але намераў сваіх не змяніў. Праз некалькі дзён пасля выпіскі ён стрэліў сабе ў галаву з любімай дубальтоўкі, зарадзіўшы папярэдне абодва ствалы.

Ідэі, падораныя свету. Ідэя «страчанага пакалення». Хэмінгуэй, як і яго таварыш па эпосе Рэмарк, меў на ўвазе канкрэтнае пакаленне, перамолатае жорнамі канкрэтнай вайны, аднак тэрмін аказаўся балюча прывабным і зручным — з тых часоў кожнае пакаленне знаходзіць прычыны лічыць сябе страчаным. Новы літаратурны прыём, «метад айсберга», калі скупы, сціснуты тэкст мяркуе шчодры, нямы падтэкст. «Мачызм» новага ўзору, увасоблены і ў творчасці, і ў жыцці. Герой Хэмінгуэя — суровы і нешматслоўны змагар, які разумее, што барацьба марная, але змагаецца да канца. Самым бескампрамісным хэмінгуэеўскім мача стаў, мабыць, рыбак Сант’яга («Стары і мора»), у вусны якога Вялікі Хэм уклаў фразу: «Чалавек не дзеля таго створаны, каб цярпець паразу. Чалавека можна знішчыць, але яго нельга перамагчы». Сам Хэмінгуэй — паляўнічы, салдат, спартсмен, марак, рыбалоў, падарожнік, нобелеўскі лаўрэат, чыё цела спрэс пакрывалі шнары, — да вялізнага расчаравання многіх, да канца змагацца не стаў. Зрэшты, сваім ідэалам пісьменнік не здрадзіў. «Мужчына не мае права паміраць у ложку, — не раз гаварыў ён. — Альбо ў баі, альбо куля ў лоб».

budzma.by__wp_content_uplo_06113edf757e152b4dba51591b3c0769.jpeg

budzma.by__wp_content_uplo_5272aa17a6cb69154579b7906292e3d7.jpeg

Пацыент №4

Франц Кафка (1883—1924), чэшскі пісьменнік.

Дыягназ. Выяўлены неўроз, псіхастэніі функцыянальнага характару, неперыядычныя дэпрэсіўныя станы.

Сімптомы. Узбудлівасць, што перамяжалася прыступамі апатыі, парушэнне сну, перабольшаныя страхі, псіхасаматычныя цяжкасці ў інтымнай сферы.

Гісторыя хваробы. Карані глыбокіх псіхалагічных правалаў Кафкі бяруць ​​пачатак у канфлікце з бацькам, цяжкіх узаемаадносінах з сям’ёй і складаных, заблытаных любоўных гісторыях. Захапленне пісьменніцтвам у сям’і не заахвочвалася, і займацца гэтым даводзілася ўпотай. “Для мяне гэта жахлівае падвойнае жыццё, — пісаў ён у дзённіку, — з якога, магчыма, ёсць толькі адно выйсце — вар’яцтва”. Калі бацька пачаў настойваць, каб пасля службы сын працаваў яшчэ і ў яго краме, а не займаўся глупствам, Франц адважыўся на самагубства і напісаў развітальны ліст свайму сябру Максу Броду. “У апошні момант мне ўдалося, умяшаўшыся вельмі бесцырымонна, абараніць яго ад “пяшчотных бацькоў”, — піша Макс Брод ў сваёй кнізе пра Кафку. У яго псіхічным стане адзначаліся перыяды глыбокага і роўнага спакою, якія змяняліся такімі ж працяглымі перыядамі хваравітага стану. Вось радкі з яго «Дзённікаў», што наглядна адлюстроўваюць гэтую ўнутраную барацьбу: «Я не магу спаць. Толькі відзежы, ніякага сну. Дзіўная няўстойлівасць усёй маёй унутранай істоты. Жахлівы свет, які я нашу ў галаве. Як мне ад яго вызваліцца і вызваліць яго, не разбурыўшы?”

Памёр пісьменнік ва ўзросце 41 года ад туберкулёзу. Тры месяцы ён быў у агоніі: разбураўся не толькі арганізм, але і розум.

Ідэі, падораныя свету. Кафка не быў вядомы пры жыцці, мала друкаваўся, але пасля яго смерці творчасць пісьменніка скарыла чытачоў новым кірункам у літаратуры. Кафкіянскі свет адчаю, жудасці і безвыходнасці вырас з асабістай драмы яго стваральніка і стаў асновай новага эстэтычнага кірунку “літаратуры з дыягназам”, вельмі характэрнай для XX стагоддзя, які страціў Бога і атрымаў наўзамен абсурд існавання.

budzma.by__wp_content_uplo_aa5452c30485d1111a061a4f491f476f.jpeg

budzma.by__wp_content_uplo_aeeae4b5a2bcfe6852718a691477dc09.jpeg

 

Пацыент №5

Джонатан Свіфт (1667—1745), ірландскі пісьменнік.

Дыягназ. Хвароба Піка альбо хвароба Альцгеймера — спецыялісты спрачаюцца.

Сімптомы. Галавакружэнне, дэзарыентацыя ў прасторы, страта памяці, няздольнасць пазнаваць людзей і навакольныя прадметы, улоўліваць сэнс чалавечай гаворкі.

Гісторыя хваробы. Паступовае нарастанне сімптомаў аж да поўнай прыдуркаватасці ў канцы жыцця.

Ідэі, падораныя свету. Новая форма палітычнай сатыры. «Падарожжы Гулівера» — безумоўна, не першы саркастычны погляд асвечанага інтэлектуала на навакольную рэчаіснасць, аднак наватарства тут не ў позірку, а ў оптыцы. У той час як іншыя насмешнікі глядзелі на жыццё праз павелічальнае шкло або ў тэлескоп, дэкан сабора св. Патрыка змайстраваў для гэтага лінзу з мудрагеліста скрыўленым шкельцам. Пасля гэтай лінзай з задавальненнем карысталіся Мікалай Гогаль і Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын.

budzma.by__wp_content_uplo_06113edf757e152b4dba51591b3c0769.jpeg

budzma.by__wp_content_uplo_cd7397483ed7979eff6e0f43c47b9bf3.jpeg

 

Пацыент №6

Жан-Жак Русо (1712—1778), французскі пісьменнік і філосаф.

Дыягназ. Параноя.

Сімптомы. Манія пераследу.

Гісторыя хваробы. У выніку канфлікту пісьменніка з царквой і ўрадам (пачатак 1760-х, пасля выхаду кнігі «Эміль, або Аб выхаванні») першапачаткова ўласцівая Русо падазронасць набыла вельмі хваравітыя формы. Яму ўсюды здаваліся змовы, ён вёў жыццё вандроўніка і нідзе не затрымліваўся надоўга, думаючы, што ўсе яго сябры і знаёмыя задумваюць ліхое супраць яго альбо ў чымсьці яго падазраюць. Так, аднойчы Русо вырашыў, што насельнікі замка, у якім ён гасцяваў, лічаць яго атрутнікам памерлага слугі, і запатрабаваў ускрыцця нябожчыка.

Ідэі, падораныя свету. Педагагічная рэформа. Сучасныя дапаможнікі па выхаванні дзяцей па многіх пунктах паўтараюць «Эміля»: узамен рэпрэсіўнага метаду выхавання Русо прапаноўваў метад заахвочвання і ласкі; ён лічыў, што дзіця варта вызваліць ад механічнага завучвання сухіх фактаў, а тлумачыць усё на жывых прыкладах, і толькі тады, калі дзіця будзе псіхічна гатовае да ўспрымання новай інфармацыі; задачай педагогікі Русо лічыў развіццё закладзеных прыродай талентаў, а не карэктаванне асобы. Новы тып літаратурнага героя і новыя літаратурныя напрамкі. Спароджанае фантазіяй Русо стварэнне з прыўкраснай душой — слязлівы «дзікун», які кіруецца не розумам, але пачуццём (аднак пачуццём высокамаральным), — далей развівалася, расло і старэла ў рамках сентыменталізму і рамантызму. Ідэя прававой дэмакратычнай дзяржавы, якая наўпрост вынікае з сачынення «Аб грамадскай дамове». Ідэя рэвалюцыі (менавіта творамі Русо натхняліся змагары за ідэалы Вялікай французскай рэвалюцыі; сам Русо, як ні парадаксальна, ніколі не быў прыхільнікам такіх радыкальных мер).

budzma.by__wp_content_uplo_06113edf757e152b4dba51591b3c0769.jpeg

 

budzma.by__wp_content_uplo_1fc51182ed19677462a3c9a237fb0e18.jpeg

Пацыент №7

Мікалай Гогаль (1809—1852), рускі пісьменнік.

Дыягназ. Шызафрэнія, перыядычны псіхоз.

Сімптомы. Глядзельныя і слыхавыя галюцынацыі; перыяды апатыі і затарможанасці (аж да поўнай нерухомасці і няздольнасці рэагаваць на вонкавыя раздражняльнікі), якія змяняліся прыступамі ўзбуджэння; дэпрэсіўныя станы; іпахондрыя ў вострай форме (вялікі пісьменнік быў перакананы, што ўсе органы ў яго целе трохі ссунутыя, а страўнік размяшчаецца «дагары нагамі»); клаўстрафобія.


Гісторыя хваробы. Тыя ці іншыя праявы шызафрэніі суправаджалі Гогаля ўсё яго жыццё, аднак у апошні год хвароба прыкметна прагрэсавала. 26 студзеня 1852 ад брушнога тыфу памерла сястра яго блізкага сябра Кацярына Хамякова, і гэтая смерць выклікала ў пісьменніка наймацнейшы прыступ іпахондрыі. Гогаль занурыўся ў няспынныя малітвы, практычна адмовіўся ад ежы, скардзіўся на слабасць і недамаганне і сцвярджаў, што смяротна хворы, хоць лекары ніякай хваробы, акрамя невялікага страўнікава-кішэчнага расстройства, у яго не дыягнаставалі. У ноч з 11 на 12 лютага пісьменнік спаліў свае рукапісы (на наступную раніцу ён патлумачыў гэты ўчынак інтрыгамі чорта), далей стан яго пастаянна пагаршаўся. Лячэнне (не надта, зрэшты, прафесійнае: п’яўкі ў ноздрах, абкручванне ледзянымі прасцінамі і акунанне галавы ў ледзяную ваду) станоўчых вынікаў не дало. 21 лютага 1852 года пісьменнік памёр. Сапраўдныя прычыны яго смерці так і засталіся незразумелыя. Аднак хутчэй за ўсё Гогаль папросту давёў сябе да поўнага нервовага і фізічнага знясілення — не выключана, што своечасовая дапамога псіхіятра магла б выратаваць яму жыццё.

Ідэі, падораныя свету. Спецыфічная любоў да маленькага чалавека (абываталя), якая складаецца напалову з агіды, напалову з жалю. Цэлы букет надзіва дакладна знойдзеных рускіх тыпажоў. Гогаль распрацаваў некалькі ролевых мадэляў (найбольш яркія — персанажы «Мёртвых душаў»), якія актуальныя да гэтага часу.

budzma.by__wp_content_uplo_06113edf757e152b4dba51591b3c0769.jpeg

 

budzma.by__wp_content_uplo_421ef3647e64957c0726bda33b0d548e.jpeg

 

Пацыент №8

Гі дэ Мапасан (1850—1893), французскі пісьменнік.

Дыягназ. Прагрэсіўны параліч мозгу.

Сімптомы. Іпахондрыя, суіцыдальныя схільнасці, прыпадкі буянства, трызненне, галюцынацыі.

Гісторыя хваробы. Усё жыццё Гі дэ Мапасан пакутаваў на іпахондрыю: ён вельмі баяўся звар’яцець. З 1884 года ў Мапасана пачаліся частыя нервовыя прыпадкі і галюцынацыі. У стане крайняга нервовага ўзбуджэння ён двойчы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам (адзін раз пры дапамозе рэвальвера, другі — пры дапамозе нажа для папер, абодва разы няўдала). У 1891-м пісьменнік быў змешчаны ў клініку доктара Бланша ў Пасі — там ён і пражыў у паўсвядомым стане да самай смерці.

Ідэі, падораныя свету. Фізіялагізм і натуралізм (у тым ліку эратычны) у літаратуры.

budzma.by__wp_content_uplo_06113edf757e152b4dba51591b3c0769.jpeg

budzma.by__wp_content_uplo_e90dc3d00565f945443c1758023e9e6b.jpeg

 

Пацыент №9

Вірджынія Вулф (1882—1941), ангельская пісьменніца.

Дыягназ. Дэпрэсія, галюцынацыі, кашмары.

Сімптомы. Знаходзячыся ў глыбокай дэпрэсіі, Вірджынія скардзілася на тое, што ўвесь час “чуе галасы птушак, якія спяваюць на алівах Старажытнай Грэцыі”. Часта і падоўгу не магла працаваць праз бяссонне і кашмары. З дзяцінства пакутавала ад суіцыдальных схільнасцяў.

Гісторыя хваробы. Калі Вірджыніі споўнілася 13 гадоў, яна перажыла спробу згвалтавання з боку яе стрыечнага брата, які гасцяваў у доме. Гэта паклала пачатак стойкай непрыязнасці да мужчын і фізічнага боку адносін з імі на працягу ўсяго жыцця Вірджыніі. Неўзабаве пасля гэтага ад запалення лёгкіх раптоўна памерла яе маці.

Нервовая, уражлівая дзяўчынка ад адчаю паспрабавала сябе забіць. Яе выратавалі, але глыбокія, зацяжныя дэпрэсіі сталі з тых часоў часткай яе жыцця. Моцны прыступ псіхічнага расстройства нагнаў юную Вірджынію і пасля смерці бацькі ў 1904 годзе.

Эмацыйныя, шчырыя лісты і творы Вірджыніі Вулф даюць падставы для высновы аб нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі пісьменніцы. Аднак гэта не зусім так. У выніку перажытай у дзяцінстве трагедыі, страху, які яна адчувала перад мужчынамі і іх таварыствам, яна закохвалася ў жанчын — але пры гэтым мела агіду да ўсіх формаў блізкасці, у тым ліку і з імі, не трывала абдымкаў, не дазваляла нават поціскаў рукі. Будучы 29 гадоў замужам за Леанардам Вулфам (прычым гэты шлюб лічыцца ўзорным з пункту гледжання адданасці і эмацыйнай падтрымкі мужам і жонкай адно аднаго), пісьменніца, па некаторых звестках, так і не змагла ўступіць у шлюбныя адносіны са сваім мужам.

У пачатку 1941 года начное бамбаванне Лондана разбурыла дом пісьменніцы, згарэла бібліятэка, ледзь не загінуў любімы муж — усё гэта канчаткова разладзіла яе нервовую сістэму, дактары настойвалі на лячэнні ў псіхіятрычнай клініцы. Не жадаючы, каб рэшту свайго жыцця муж правёў у клопатах, звязаных з яе вар’яцтвам, яна 28 сакавіка 1941 года выканала тое, што не раз апісвала ў сваіх творах і што не раз спрабавала ажыццявіць на практыцы — скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў рацэ Оўс.

Ідэі, падораныя свету. Наватарства ў спосабах выяўлення марнай жыццёвай мітусні, адлюстравання ўнутранага свету герояў, апісанне мноства шляхоў пераламлення свядомасці. Творы Вірджыніі Вулф увайшлі ў залаты фонд літаратурнага мадэрнізму і прымаліся з захапленнем.

budzma.by