Абвешчаны лонг-ліст Прэміі Гедройца
Сябры журы ўзнагароды вызначылі доўгі спіс прэтэндэнтаў на сёлетнюю прэмію. У яго ўвайшлі 12 кніг:
- Міхал Андрасюк. Поўня. — Беласток: Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”.
- Алена Брава. Садомская яблыня. — Мінск: Галіяфы.
- Валер Гапееў. Пазл. — Мінск: Галіяфы.
- Сяргей Дубавец. Д’ябал запрэжаны ў плуг. — Вільня: Логвінаў.
- Сяргей Календа. Часам панкі паміраюць. — Вільня: Логвінаў.
- Віктар Марціновіч. Ноч. — Мінск: Кнігазбор.
- Вінцэсь Мудроў. Помнік літары Ў. — Мінск: Янушкевіч.
- Людміла Рублеўская. Пантофля Мнемазіны. — Мінск: Янушкевіч.
- Ілля Сін. Libido. — Мінск: Кнігазбор.
- Андрэй Федарэнка. Сузіральнік. — Мінск: Кнігазбор.
- Юлія Шарова. Вяртанне Ліліт. — Мінск: Янушкевіч.
- Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Склад журы Прэміі Гедройца: Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Жана Капуста,
літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка,
перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава,
літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы
намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец,
празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.
Сябры журы глыбока смуткуюць з прычыны страты свайго калегі, літаратуразнаўцы і
пісьменніка Пятра Васючэнкі і выказваюць шчырыя
спачуванні родным і блізкім спачылага.
Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх
пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Менску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў
жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай
незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Папярэднія пераможцы: Павал
Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў,
“Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры
гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур,
"Завяршыць гештальт" (2016), Зміцер Бартосік, "Быў у пана
верабейка гаварушчы" (2017), Уладзімір Арлоў, "Танцы над
горадам" (2018).
Сёлета ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 25 верасня ў
прасторы ZALA#2, што ў менскім Палацы мастацтваў. Пачатак
цырымоніі — а 19:00.
Паводле прэс-рэліза