Памёр пісьменнік і мовазнаўца Пятро Васючэнка

25 жніўня каля 9-й гадзіны ўвечары раптоўна памёр беларускі пісьменьнік, мовазнаўца і выкладчык Пятро Васючэнка. Яму было 60 гадоў. Пра смерць Васючэнкі паведаміла старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, піша «Еўрарадыё».

Пятро Васючэнка / Facebook

Пятро Васючэнка / Facebook


Пятро Васючэнка нарадзіўся ў Полацку 15 лютага 1959 года. У 1981-м скончыў факультэт журналістыкі БДУ, у 1983-м абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам філалагічных навук. З 1997 года — загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Васючэнка — аўтар шматлікіх манаграфій і артыкулаў па праблемах беларускай літаратуры, некалькіх кніг прозы, зборніка п’ес "Маленькі збраяносец", кнігі паэзіі "Піраміда Лінэя".
Як навукоўца займаўся творчасцю Янкі Купалы, даследаваў беларускую драматургію. Разам з Лявонам Баршчэўскім і Міхасём Тычынам напісаў даследаванне «Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён», нагадвае «Радыё Саабода». Пятро Васючэнка — аўтар вядомых дзіцячых кніг «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (1997), «Прыгоды аднаго губашлёпа» (1999). Ягоныя п’есы пастаўленыя ў шматлікіх беларускіх тэатрах. У 2003 атрымаў прэмію «Гліняны Вялес». "Больш блізкага земляка ў мяне не было — мы жылі на адной вуліцы, вучыліся ў адной школе, сустракаліся гэтым летам досыць часта, тэлефанавалі адзін аднаму... Проста не знаходжу слоў!.." — напісаў сябра Пятра Васючэнкі, пісьменнік Навум Гальпяровіч.
Паводле euroradio.fm, www.svaboda.org