Akute едуць з новымі песнямі ў Літву, Латвію і Польшчу
Беларускі гурт Akute у кастрычніку дасць шэраг канцэртаў у краінах-суседках Беларусі.
Балтыйскі міні-тур калектыву пачнецца 3 кастрычніка з канцэрту ў Вільні, — гэта будзе першы сольны канцэрт Akute у літоўскай сталіцы. Потым музыкі ўпершыню
наведаюць Латвію: 4 кастрычніка яны выступяць у Рызе, а 5 кастрычніка — у Ліепаі. 19 кастрычніка адбудзецца першае выступленне Akute у Варшаве.
— Міні-тур дапаможа нам падрыхтавацца да вялікага канцэрту ў мінскім
клубе Re:Public, які адбудзецца 16 лістапада. У рамках гэтых выступленняў плануем сыграць зусім новыя песні, якія потым можна будзе пачуць і ў Мінску, — распавядае бас-гітарыст гурта Раман Жыгараў.
Зараз Akute працуюць над трэцім студыйным альбомам. Папярэдні паўнафарматнік «Не існуе» выйшаў у красавіку 2012. Яго поспех дапамог калектыву атрымаць увясну
адразу чатыры ўзнагароды «Гурт года» — па версіях Tuzin.fm, «Даём рады», Ultra-Music Awards і Rock Profi.
ultra-music.com