Алесь Разанаў запрашае чытаць вершы і шукаць сэнсы
Лятучы ўніверсітэт запрашае на адкрытую лекцыю з серыі “Галоўнае пытанне”. 11 лістапада а 18.30 адбудзецца лекцыя Алеся Разанава "Невядомая велічыня: чытаем верш".
Калі мы будзем далей углядацца і ўслухоўвацца
ў істоту твора, мы раптам, магчыма,
адчуем далейшае, ці спачатковейшае, што
папярэднічае яму, і ў інтуітыўным пробліску
зразумеем, што тое, што ёсць цяпер,
ужо было да, што водгук папярэднічае гуку,
што знойдзенае прадумоўлівае шуканае,
што твор, у які мастак укладаецца з усёй сваёю
душою, ужо існаваў загадзя, што ён заўсёды існуе.
I чым ён больш дасканалы, тым больш ён існы.
Алесь Разанаў “Слова пра спадчыну”
11 лістапада ў серыі лекцый “Галоўнае пытанне” паэт і мысляр, “вялікі алхімік сэнсу” Алесь Разанаў запрашае да чытання верша і пошуку сэнсаў — прамоўленых у ім відавочна і тых схаваных, яшчэ непамысных, якія чакаюць сваго кантэксту, гатовыя адгукнуцца на імпульсы новых асацыяцыяў. Такая свайго роду археалагічная праца з тэкстам патрабуе ад чытача адмысловага зроку і слыху, здольных утрымліваць гэтую напластаванасць вобразаў і сэнсаў. У пэўны момант можна нават адчуць сваю несувымернасць таму сусвету, які адкрывае перад намі герменеўтыка верша. Але варта затрымацца на гэтым памежжы магчымасцяў розуму і таго НЕМАГЧЫМАГА і пакуль НЕПАЗНАНАГА, бо менавіта там і ўзнікаюць “ГАЛОЎНЫЯ ПЫТАННІ”.
Лекцыя Алеся Разанава “Невядомая велічыня: чытаем верш” адбудзецца 11 лістапада а 18.30.
Слухачоў просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.
Расклад і тэмы далейшых лекцый глядзіце на нашым сайце: www.fly-uni.org