Праблемы і перспектывы беларускай дзіцячай літаратуры абмяркуюць у музеі Максіма Багдановіча

27 лістапада ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча падчас круглага стала прапануем паразважаць пра запатрабаванасць дзіцячай літаратуры, выданне беларускамоўных кніг, пра якасныя пераклады і цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца сучасныя беларускія дзіцячыя пісьменнікі.



maksim_bahdanovic.jpg

“Максім Багдановіч”. Карціна работы мастака В. Барабанцава. 1991 г.

Творчасць сапраўднага таленту ўніверсальная: гэта пацвярджаецца ў тым ліку і прыкладам самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Нягледзячы на тое, што ён не пісаў адмыслова для дзяцей, нямала твораў пісьменніка аднолькава цікавых як для дарослых, так і для маленькіх чытачоў. Асабліва тут хацелася б згадаць паэму Максіма Багдановіча “Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык”, якая ўпершыню была надрукавана ў газеце “Наша Ніва” 7 мая 1915 года і за стагоддзе неаднаразова перавыдавалася асобнымі кніжкамі.

Безумоўна, за гэты час у краіне з’явілася значная колькасць твораў і аўтараў, якія працуюць адмыслова на дзіцячую аўдыторыю. Наколькі запатрабавана сёння дзіцячая літаратура па-беларуску? З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца сучасным беларускім дзіцячым пісьменнікам? Над гэтымі і іншымі пытаннямі прапануем паразважаць падчас круглага стала “Праблемы і перспектывы беларускай дзіцячай літаратуры”, які будзе праходзіць 27 лістапада 2015 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Тэмы для абмеркавання:

– запатрабаванасць беларускай дзіцячай літаратуры;

– кнігі для дзяцей ва ўмовах рынку;

– праблемы перакладу дзіцячай літаратуры;

– літаратура для падлеткаў па-беларуску: чаканні і прапановы.

Запрашаем 27 лістапада 2015 года, 14.00. — 18.00.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча, (г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.)

Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 23 лістапада 2015 года.

Электронны адрас музея — maksimbagdanovich@gmail.com

Куратар — загадчык культурна-адукацыйнага сектара Мацук Юлія Багуславаўна, тэл. (8-017) 334-42-69.

Паводле прэс-службы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча