Ад Надзеі Дударэнкі забралі ўсыноўленых дзяцей. Жанчына плача: «Гэта выкраданне»
Цяганіга аддзелу адукацыі Светлагорскага райвыканкама, якая вялася больш як тры гады з Надзеяй Дударэнкай, маці сямі прыёмных і ўсыноўленых дзяцей, скончылася поўнай перамогай уладаў.
12 лістапада ў Надзеі забралі дваіх апошніх дзяцей — усыноўленых цяпер ужо чацвёртакласнікаў Альберта і Андрэя.
«Раніцай дзеці паехалі ў школу ў суседнюю вёску Прудок, а на пачатку адзінаццатай гадзіны да мяне прыйшлі судовы выканаўца і двое міліцыянтаў і заявілі, што дзеці дадому не вернуцца — іх са школы забралі ў прытулак», — апавяла Надзея Дударэнка.
Жанчына не стрымлівае слёз:
«Гэта — выкраданне. Забралі ўсыноўленых хлопчыкаў са школы, як мінулым разам прыёмных дзяцей. Без папярэджання, без дакументаў, без асабістых рэчаў — яны ж там месца сабе не знаходзяць. Я зараз пішу лісты ў Генеральную пракуратуру, у іншыя інстанцыі. Дэпутатам парламенту ад Гомельшчыны адправіла паведамленні. Гэта расправа, помста за крытыку, за тое, што я не маўчала, калі маіх дзяцей білі ў Парыцкай школе, абражалі, прыніжалі».
Альберта і Андрэя Надзея Дударэнка выхоўвала з трох гадоў. На пачатку гэтага года Светлагорскі аддзел адукацыі звярнуўся у суд з пазовам распачаць працэдуру адмены ўсынаўлення Надзеяй Дударэнкай двух апошніх хлопчыкаў — Альбэрта й Андрэя.
Канфлікт з Парыцкай сярэдняй школаю, дзе пачыналі вучыцца дзеці Дударэнкі, пачаўся праз тое, што адна з настаўніц пабіла прыёмнага хлапчука за кепскі почырк. Надзея Іванаўна не змаўчала. Пазней — стала дамагацца, каб прыёмным дзецям улады надавалі больш увагі. Патрабавала падвозу дзяцей, высвятляла, як расходуюцца бюджэтныя сродкі на падтрымку дамоў сямейнага тыпу. Шматдзетная маці лічыць, што гэта прыйшлося не даспадобы раённым чыноўнікам. У Дударэнкі спачатку адабралі пецярых прыёмных дзяцей, а потым узяліся за ўсыноўленых хлапчукоў.
Андрэй і Альберт, прыёмныя дзеці Надзеі Дударэнкі, фота 2013 года
Ад 15 кастрычніка 2013 года Альберт і Андрэй не наведвалі Парыцкую школу, а займаліся дома. Асцерагаючыся за іх здароўе, Дударэнка дамаглася індывідуальнага навучання. Два гады яны вучыліся дома, хаця дырэкцыя школы сцвярджае, што хлапчукам дазволена было навучацца дома толькі год. Надзея Дудрэнка, у сваю чаргу, заяўляе, што тэрміны ніхто не вызначаў: у школе проста спалохаліся за пабоі ды атрыманыя траўмы — і хуценька перавялі хлапчукоў на індывідуальнае навучанне. А праз год прэтэнзіі да Дударэнкі аднавіліся.
Адміністратары ад адукацыі разам з камісіяй па справах непаўнагадовых Сталі вінаваціць Дударэнку ў невыкананні закону аб адукацыі, злоўжыванні бацькоўскімі
правамі. Цэнтр карэкцыйнага навучання яна праігнаравала, на выклікі ў школу не з'яўлялася, педагогаў дадому не пускала. Дударэнку, якая вырасціла сваіх чацвярых
паспяховых дзяцей, паставілі на ўлік як сям’ю, у якой усыноўленыя хлапчукі знаходзяцца ў «сацыяльна небяспечным становішчы».
Надзея таксама не маўчала, скардзілася. Працягвала адначасова даказваць, што светлагорскія ўлады беспадстаўна адабралі ў яе пецярых прыёмных дзяцей. І аргументы
прыводзіла «забойныя»: маўляў, у іншых званых дамах сямейнага тыпу была педафілія (факты такія сапраўды мелі месца) — і аддзел адукацыі гэтага
не заўважаў. А да яе чапляюцца за тое, што ручнік у хаце вісіць няроўна. Указвала і на парадоксы: прыёмных дзяцей
у яе адабралі, а ўсыноўленых дазволілі навучаць самой па індывідуальнай праграме.
Надзея Дударэнка
Праз Светлагорскі раённы суд аддзел адукацыі райвыканкаму рэкамендаваў Надзеі Дударэнцы прайсці спецыяльную экспертызу, ад якой яна адмовілася, баючыся, што ў такіх варунках можа атрымаць негатыўную характарыстыку. У такім разе і апошніх дзяцей немінуча забяруць — і ўжо нічога нікому не дакажаш.
Адмова ад экспертызы дала падставу суду прыняць рашэнне аб адмене ўсынаўлення Альберта і Андрэя, хаця сёлета Надзея аддала іх вучыцца ў Прудкоўскую базавую школу — за дзесяць кіламетраў ад Парычаў. Аднак гэта ніяк не паўплывала на сітуацыю з адменай усынаўлення.
Наглядная скарга Дударэнкі на рашэнне раённага суду адносна адмены ўсынаўлення знаходзіцца ў Вярхоўным судзе. Маці быў дадзены тыднёвы тэрмін дзеля добраахвотнай перадачы Альберта і Андрэя ў прытулак, і тэрмін гэты заканчваецца 14 лістапада. Аднак, не дачакаўшыся ўказанага дня, улады забралі Альберта і Андрэя Дударэнкаў у дзіцячы прытулак наўпрост са школы.