Аўтографы — грамадская акцыя Саюза пісьменнікаў

Дарагія калегі, сябры, усе, хто не абыякавы да нашай культуры і гісторыі! У кожнага з вас на кніжных паліцах сярод мноства розных кніг ёсць такія, дзе аўтар пакінуў свой аўтограф.



autograf11.jpg

Часам гэта проста подпіс, а часам — прысвячэнне, пажаданне, верш. Такія кнігі нам дарагія, паколькі яны адрасныя, ачалавечаныя. І разам з тым, гэта нашая агульная культурная спадчына.

Здавалася б, мы быццам бы ўсё ці амаль усё ведаем пра нашых пісьменнікаў. Ды і не толькі пра іх (дзеячаў навукі, мастацтва, падзвіжніках Беларусі). Быццам бы, многае надрукавана, штосьці хаваецца па архівах. Але на самай справе ёсць яшчэ агромністы, амаль археалагічны пласт, які знаходзіцца на нашых кніжных паліцах. Словы, асабістыя подпісы, малюнкі (як у В. У. Быкава) – нашая культурная спадчына, замкнёная ў нашых кватэрах.

Давайце збярэм яе! Не згубім у букіністах, у макулатуры, у няпэўных пакаленнях. Давайце перагледзім тое, што маем на ўласных паліцах. Бацькоўскіх, сяброўскіх.

Кожны аўтограф – хай сабе і “хвіліна стварэння”, аднак – хвіліна жыцця нашага выбітнага пісьменніка, ці, напрыклад, літаратуразнаўцы, ці навукоўца, ці “кніжнага беларуса”, ці проста Беларуса.

Усё, што мы знойдзем і захаваем – застанецца. Не толькі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Застанецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Самае цікавае з аўтографаў будзе выдадзена. І ў друку, і ў электронным выглядзе.

ЯК РАБІЦЬ:

Перагледзець сваю бібліятэку і знайсці аўтографы. Пераставіць, скласці асобна. Вылучыць “цікавосці”. Калі мажліва, то і па аўтарах.

Калі маеце мажлівасць, то зняць на ксераксе ці адсканаваць, зрабіць фота (фарзац кнігі, аўтограф, дадаць каментар, калі аўтограф быў напісаны і КАМУ, дзе, пры якіх абставінах).

Скан, ксеракопію або фота ў электронным варыянце дасылайце на паштовы адрас sbp@lit-bel.org, тэма ліста "Аўтографы".

У папяровым выглядзе копіі можна даслаць звычайнай поштай на офіс Саюза беларускіх пісьменнікаў (220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31—906, гарадскі тэл. 8017 200 80 91). Або прыносьце саму кнігу — мы адскануем яе на месцы.

Збярэм, захаваем і перададзім!

Акцыя праходзіць у межах ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Куратары праекта — Наталля Гардзіенка і Сяргей Тарасаў.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"