Беатыфікацыя Эдварда Вайніловіча. Вернікаў просяць паведамляць пра цуды па малітве да яго

Адным з вынікаў беатыфікацыйнага працэсу грамадска-палітычнага, культурнага дзеяча і дабрачынцы пачатку ХХ стагоддзя Эдварда Вайніловіча, які распачаўся 10 красавіка ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску, сталася магчымасць маліцца да яго заступніцтва ўжо сёння.

 Эдвард Вайніловіч

 Эдвард Вайніловіч


На першую — публічную — сесію беатыфікацыйнага працэсу прыехалі вернікі з усёй Беларусі, а таксама з Польшчы, дзе памёр Вайніловіч, і дзе жывуць шматлікія сведкі, якія будуць апытвацца падчас працы працэсу, паведамляе catholic.by.
“Узрадуемся і ўзвесялімся, бо сёння пачынаецца доўгачаканы беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча. Ён быў сынам сваёй зямлі. У часы царскай Расіі ён захаваў сваю хрысціянскую ідэнтычнасць. Не адмовіўся ад сваёй веры”, — звярнуўся да вернікаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас Святой Імшы, якой распачаўся працэс.
Таксама іерарх нагадаў, што Чырвоны касцёл, пабудаваны Вайніловічам, з’яўляецца “каменным сведкам” непахіснасці веры мінчанаў: “Нават калі ў часы ганенняў ён выкарыстоўваўся для свецкіх мэтаў, то сваім выглядам заклікаў чалавека задумацца аб духоўным. Калі было забаронена абвяшчаць Евангелле, гэта рабіў Чырвоны касцёл. На яго прыкладзе спраўдзіліся словы Хрыста: “Калі вы будзеце маўчаць, то будуць прамаўляць камяні”».
Працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча — першы ў гісторыі, які праводзіцца ў Беларусі. Раней беатыфікацыйныя і кананізацыйныя працэсы выхадцаў з Беларусі адбываліся за мяжой.

У склад беатыфікацыйнага трыбунала ўвайшлі пастулатар працэсу кс. Андрэй Сцомбэр, які быў удзельнікам беатыфікацыйнага працэсу святога Папы Яна Паўла II, з беларускага боку — кс. Дзмітрый Пухальскі, кс. Раман Факсінскі, кс. Дзмітрый Барыла, а. Пётр Фраштэнга OCD.
Узначаліў трыбунал Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш выказаў спадзяванні, што наяўнасць у беларусаў яшчэ аднаго Слугі Божага — Эдварда Вайніловіча — “паспрыяе ўзрастанню пабожнасці”.
Вернікі прайшлі ў працэсіі да месца пахавання Эдварда Вайніловіча ў крыпце Чырвонага касцёла. «Браты і сёстры, цяпер крок за намі. Маліцеся ў інтэнцыі беатыфікацыі Слугі Божага Эдварда Вайніловіча», — заахвоціў ля яго пробашч парафіі святых Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк.
Цяпер праз заступніцтва Эдварда Вайніловіча можна складаць Богу ўсе свае просьбы.
Аб усіх выслуханых просьбах і пачутых малітвах неабходна паведамляць у Чырвоны касцёл, — цуды, якія могуць адбыцца праз заступніцтва Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, будуць канчатковым аргументам для яго беатыфікацыі.
krynica.info