«Бэзавае полымя паэзіі» ў Батанічным садзе. Уваход па паролі!

Вы ведаеце, дзе апошні раз гэтай вясной убачыць бэз? А дзе паслухаць добрыя вершы і музыку? Час цвіцення бэзу — найпрыгажэйшая пара ў Батанічным садзе. Запрашаем 26 траўня на свята паэзіі — праводзіны вясны!

bezavae_polymja__1_.jpg


Запрашаем аматараў музыкі і літаратуры на паэтычнае свята «Бэзавае полымя паэзіі», якое адбудзецца 26 мая 2018 года ў Батанічным садзе. Пачатак у 12.00.

Час цвіцення бэзу — найпрыгажэйшая пара ў Батанічным садзе. Калі падчас шпацыру па квітнеючых алеях вам прыходзяць у галаву любімыя мелодыі ці вершаваныя радкі, значыць, паэтычнае свята ладзіцца адмыслова для вас! Песні пад гітару і лірычныя вершы зробяць цёплы вясновы дзень яшчэ больш чароўным і рамантычным.

Удзельнікі фестывалю — таленавітыя беларускія паэты розных пакаленняў, музыкі, спевакі. Спецыяльны госць мерапрыемства — камерны хор «salutaris», неаднаразовы пераможца і прызёр міжнародных конкурсаў. Мастацкі кіраўнік хора — Вольга Янум.

Прыемным бонусам для ўдзельнікаў і гасцей імпрэзы будзе экскурсія па аранжарэі трапічных раслін.

Не абыдзецца свята і без удзелу вядучых беларускіх часопісаў — «Вясёлкі», «Маладосці», «Полымя», «Верасня». Старонкі выданняў не раз адкрывалі краіне і свету новыя імёны і творы. Дзень «Бэзавага полымя» працягне гэтую традыцыю: у праграме мерапрыемства — цікавы творчы дэбют. Асоба выступоўцы пакуль застаецца ў сакрэце, але арганізатары фестывалю запэўнілі: сустрэча будзе вартай чакання.

Флёрам таямнічасці ахутаны і спосаб уваходу ў Батанічы сад. Вядома, што наведаць свята можна бескаштоўна. Але як? Па паролі! Кодавая фраза фестывалю — «Бэзавае полымя паэзіі»! Кожны, хто згадае назву свята пры ўваходзе, трапіць у «краіну кветак і вясны», не заплаціўшы ні рубля.