Цыкл канцэртаў "Мінская вясна — 2013" у Белдзяржфілармоніі

Сёлета цыкл канцэртаў "Мінская вясна", які адбудзецца 9 красавіка — 6 мая ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прысвечаны арганнай музыцы. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 3 красавіка ў Мінску расказаў мастацкі кіраўнік філармоніі Юрый Гільдзюк.



img_i_26594_w_640.jpg

Прыкметна, што сёлета арган, устаноўлены ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі, адзначае сваё 50-годдзе.


У наступным годзе цыкл канцэртаў "Мінская вясна" таксама чакае круглая дата, бо ён пройдзе ў 30-ты раз. Аднак і сёлета публіку чакаюць вельмі цікавыя канцэрты, упэўнены мастацкі кіраўнік філармоніі. "Беларуская філармонія ніколі не спыняецца на дасгянутым. Мы заўсёды ўзмоцнена думаем аб тым, як павялічыць колькасць слухачоў у сваіх залах", — адзначыў Гільдзюк.


Музыказнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Савіцкая расказала, што ў праграму "Мінскай вясны" сёлета ўвайшлі пяць канцэртаў, якія арганізатары пастараліся "зрабіць максімальна разнастайнымі, каб прыцягнуць самую розную публіку".


Так, 9 красавіка адбудзецца гала-канцэрт з удзелам беларускіх арганістаў Ксеніі Пагарэлай (Полацк), Ігара Алоўнікава (Мінск), Канстанціна Шарова (Мінск) і госці з Расіі Марыны Воінавай. Публіка пачуе як узоры арганнай класікі, так і новыя творы для гэтага інструмента.
 


Канцэрт Con Molti Strumeni з удзелам ансамбля "Камерныя салісты Мінска", арганнага саліста Марціна Цімана (Германія) і скрыпача Дзмітрыя Сінькоўскага (Расія) пройдзе 13 красавіка. Мастацкі кіраўнік і дырыжор ансамбля Дзмітрый Зубаў (Расія) заявіў, што ў гэты вечар прагучыць музыка, якая раней ніколі не выконвалася ў Мінску. Ён таксама адзначыў, што ўладальнік контртэнара Сінькоўскі не толькі выканае альтавыя партыі, але і выступіць у якасці спевака.


У рамках канцэрта "Выдатныя арганісты свету" 17 красавіка адбудзецца выступленне Ёханэса Геферта (Германія).
 


На канцэрце "Маладыя арганісты Беларусі", які пройдзе 23 красавіка, пад кіраўніцтвам галоўнага арганіста мінскага архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Уладзіміра Неўдаха выступяць Валянціна Бандарэнка, Вольга Таборка, Калініка Мядзведзева, Ольша Падгайская і Кацярына Нікалаева.


"Мінская вясна" завершыцца канцэртам у Сусветны дзень аргана, які адзначаецца 6 мая па ініцыятыве сабору Парыжскай Божай Маці. Савіцкая расказала, што сабор, які адзначае сёлета 800-годдзе, заклікаў храмы і ўстановы з арганамі па ўсім свеце падтрымаць яго музычны марафон. Адзінай умовай стала прысутнасць хаця б адной кампазіцыі арганістаў, якія калі-небудзь ігралі ў гэтым парыжскім саборы.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН