Чым запомніўся 2017-ы ў музыцы
Падыходзіць канец года. Павел Аксіновіч вырашыў уздагадаць усё самае адметнае, што было ў 2017-м на беларускай музычнай сцэне.

Адкрыццё — Superbullz і Helious
Пачнём з самай неадназначнай катэгорыі. Некалькі выканаўцаў сёлета выпусцілі свае якасныя дэбютнікі. Хочацца ўсё ж такі адзначыць кружэлку «Хардкор Заходняга Палесся» гурта The Superbullz з нейкім прывітаннем з 90-х і сінтэзам «Леприконсов», старых «Ляпісаў» і «Крамбамбулі». Хаця ні хардкора, ні Заходняга Палесся тут няма, але канцэрты выходзяць у хлопцаў атмасфернымі і на іх ёсць жаданне хадзіць.Таксама варта вылучыць калектыў Helious, які яшчэ не выпусціў кружэлку, але ўжо перамог у конкурсе «Заспявай 4x4». Дзяўчаты граюць цёплы і лірычны індзі-фолк. У салісткі гурта, Марыі Гаўрыленкі, даволі моцны вакал і яна сама піша свае тэксты. Мажліва ў будучыні беларускі слухач пачуе новую Паліну Рэспубліку.

Падзея года: канец «чорных спісаў»
Гэты год на музычныя падзеі стаў, верагодна, самым багатым. Тут можна ўзгадаць і беларускамоўную песню Naviband на Еўрабачанні, і адзін з найбуйнейшых праектаў за апошнія гады «(Не)расстраляная паэзія», і з’яўленне рэп-батлаў на беларускай мове. Але ўсё ж галоўнай музычнай з’явай года варта лічыць амаль поўную адмену «чорных спісаў». Лібералізацыя ў музыцы, хоць неяк, але ўсё ж адбылася. І гэта дало магчымасць правесці першы тур Brutto па Беларусі, адсвяткаваць у Мінску 25 год «Народнаму альбому», і адбыцца шэрагу канцэртаў Лянова Вольскага, «Крамбамбулі» і Змітра Вайцюшкевіча.

Альбом года: «Колер, якога няма»
Насамрэч якасных кружэлак, на жаль, выйшла не так шмат. Нельга не ўзгадаць пра выхад з дапамогай краўдфандынгу дыска «Першы» Neuro Dubel. Па словах Аляксандра Кулінковіча, гэта першая кружэлка ў новым творчым кірунку: у змененым складзе, з больш якасным гукам і амаль без мату.
Naviband парадаваў слухачоў двума зборнікамі: у пачатку года «Иллюминация», а ў снежні выйшаў цалкам беларускамоўны альбом «Адной дарогай». Абодва атрымаліся даволі якаснымі, паслядоўнымі і даволі натуральнымі. Плённым гурт можна назваць ва ўсіх значэннях гэтага слова, бо пара чакае папаўненне.
Апроч альбомаў олдскульных панкаў ды мілых Naviband можна прыгадаць толькі чатыры запісы: Tragic City гурта «ЛСП», другую частку «Малый повзрослел» Макса Каржа, кружэлку «LA NUIT*» каманды Super Besse і апошні альбом «Колер, якога няма» гурта TonqiXod. Гэты квартэт дыскаў прыемна чуць, але крышачку больш паслядоўны зборнік апошніх. Там усе песні гучаць у поўнай гармоніі і лагічна ідуць адна за другой нават, калі перад гэтым прайграць першы альбом.

Кліп года: Макс Корж, «Оптимист»
Музычныя відэа ў Беларусі прафесійна здымае далёка не кожны гурт. Зусім новы кліп Naviband на песню «А дзе жывеш ты?» атрымаўся даволі пяшчотным, цёплым і нават хатнім, а яго кранальная канцоўка не можа не выклікаць эмоцыі. Сама песня будзе, верагодна, такой жа запамінальнай, як хіты «Абдымі мяне» і «Гісторыя майго жыцця».
Вельмі годны кліп выйшаў і ў Brutto на песню «Годзе». Ролік пачынаецца з прыпеву «Зеленоглазое такси». Ёсць адчуванне настальгіі і думак, што «ляпісаўскай» версіі на той хіт — ужо дваццаць гадоў. За гэты час Міхалок кардынальна змяніўся. Гэта і адлюстроўваецца ў кліпе: больш сур’ёзны, крыху пасівелы, з новай сям’ёй. Атрымалася лірычная гісторыя музыкі, чымсьці нават біяграфічная, з моцнай сімволікай.
Усё ж такі лепшым відэакліпам сёлета можна лічыць твор Макса Каржа. Рэпер, як і герой яго альбому, пасталеў. У яго песнях цяпер менш прымітывізму, дадалася музычная разнастайнасць. «Оптимист» пранікнёны сапраўднымі пачуццямі да Мінска і яго мясцінаў. Твор выдатна дапоўніў відэаашэраг у якасным кліпе. Там паказваецца максімальна жывое начное жыццё сталіцы, што цудоўна можа стаць візітоўкай горада. Відэакліп можна нават круціць на інтэрактыўных білбордах.
Заняпад года: Віктар Каліна
На радасць, нічога звышдрэннага і няўдалага ў беларускай музыцы сёлета не адбылося. Мы вышэй хвалілі лібералізацыю, але яна не закранула пэўных выканаўцаў. Ідэолагі ўсё яшчэ не дазвалюць канцэрты «Дзецюкам». Не пашчасціла расійкаму моладому рэперу Face: Генпракуратура адмяніла выступ у дзень канцэрта, хаця гастрольнае пасведчанне ў музыкі было.
Аднак пачалі не дазваляць і канцэрты шансанье Віктару Каліне. Скандальна вядомаму прыхільніку сепаратызму на ўсходзе Украіны забаранілі выступіць у Пружанах. Яшчэ да дэманстрацыі сваіх палітычных перакананняў спявак сарваў канцэрт у мясцовым Доме культуры, за што яго і пакаралі пажыццёвай забаронай канцэртаў у гэтым горадзе.

Канцэрт/фэст: LidBeer
Гэты год парадаваў музычнымі мерапыемствамі. Апроч атмасферных дазволеных канцэртаў Вольскага і Brutto ўзгадваецца Камяніца, якая сёлета прайшла на высокім узроўні, якасныя рэгіянальныя фестывалі Mirum і Viva Braslav. Але галоўнымі фэстамі года ўсё ж такі сталі так званыя «піўныя»: Рок за Бобров, А-фэст і LidBeer.
Арганізатары фестываляў выправілі большасць са сваіх мінулагодніх памылак. Спонсарскія фэсты ўсталявалі невысокую цанавую катэгорыю на канцэрты ці ўвогуле яе прыбралі. І ўсе тры оўпэн-эйра насамрэч атрымаліся максімальна набліжанымі да еўрапейскіх.
У музычным плане ўсё ж такі выйграе LidBeer, які ўпершыню за шмат гадоў прывёз на стотысячную сцэну «Крамбамбулю» і любімцаў беларускай публікі «Океан Ельзи».

Гурт/выканаўца: Tonqixod
Калі ўзяць сумарна ўсе катэгорыі, то адзначыць за музыку ў 2017-м варта нядаўна «забароненых» Вольскага і Brutto, новы штуршок у развіцці рэп-музыкі ад Макса Каржа і «ЛСП», вельмі прадуктыўны Naviband з адразу двума альбомамі за год ды якасныя кружэлкі ад Super Besse і Tonqixod.
Усё ж такі апошні калектыў заслуговае быць сёлета лепшым, бо хлопцы, верагодна, дасягнулі свайго ўзвышша і абвесцілі пра спыненне творчай дзейнасці. Так што новай музычнай асалоды ад трыа Уладзя Лянкевіча, Максіма Субача і Андрэя Аляксеенкі ў бліжэйшы час мы наўрад ці атрымаем.

Мінулы, 2016 год у музычнай сферы назвалі даволі сумным. Сёлета крышачку цікавей па падзеях — але без вялікіх адкрыццяў і з малой колькасці якасных альбомаў. Што пакажа 2018-ы: працяг лібералізацыі, новыя кружэлкі і яшчэ больш фэстаў? Даведаемся ўжо хутка.
Фота аўтара, Уладзіслава Рубанава, сайта lohvinau.by, ganc-chas.by