Зміцер Вайцюшкевіч: 25 гадоў на сцэне (фота, відэа)
У вялікай зале КЗ «Мінск» адбыўся сольны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча «25 гадоў на сцэне». У святочнай імпрэзе ўдзельнічаў гурт WZ-Orkiestra, а таксама адмыслова запрошаныя госці.
У вялікай зале КЗ «Мінск» адбыўся сольны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча «25 гадоў на сцэне». У святочнай імпрэзе ўдзельнічаў гурт WZ-Orkiestra, а таксама адмыслова запрошаныя госці.
Падчас канцэрту Зміцер Вайцюшкевіч выканаў вялікую колькасць песень са свайго рэпертуару. Жывы водгук наведнікаў выклікалі песні на словы Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Алеся Камоцкага ды іншых аўтараў.
Зміцер узгадваў цёплымі словамі свайго сябра паэта Уладзіміра Някляева, якога бессаромна цкуюць улады, а таксама перадаў букет падораных наведнікамі канцэрта кветак жонцы Генадзя Бураўкіна Юліі. Як аказалася, на канцэрце быў і Уладзімір Някляеў, якога ўлады надоечы пакаралі 10 суткамі арышту, але пад варту пакуль не ўзялі.
Да выканання песень гэтым разам далучаліся Ксенія Мінчанка, Алег Хаменка і напрыканцы нават звычайныя гледачы, якіх Зміцер Вайцюшкевіч запрашаў на сцэну.
Поўная заля КЗ “Мінск” праводзіла свайго ўлюбёнага музыку авацыямі. Зміцер доўгі час заставаўся са сваімі прыхільнікамі, рабіў з усімі ахвотнымі сэлфі і знаходзіў для кожнага некалькі цёплых шчырых слоў на развітанне.
Таксама Зміцер Вайцюшкевіч абвесціў, што наступная сустрэча адбудзецца 7 студзеня. Калядны канцэрт пройдзе ў Палацы імя Шарко.
Вайцюшкевіч спявае песню на словы Някляева "Хрызантэмы"
Песня "Пра матулю"
Фота і відэа аўтара