У Мінску прайшоў фэстываль еўрапейскага маштабу (фота)

У суботу 12 чэрвеня ў Лошыцкім парку сабралося звыш 150 тысяч чалавек на музычным «А-фэсце». Гэта фінальны опэн-эйр, дзе бясплатна можна было пачуць сусветнавядомых выканаўцаў. Хэдлайнерам фестывалю сталі гурты Akute і  De-Phazz, а таксама Марыя Чайкоўская і Джой Ньюман.

a_fest__pavel_aksinovicz___27__logo.jpg

Сёлетні фэст прысвяцілі 950-годдзю Мінска. Увесь парк адмыслова для падзеі падзялілі на некалькі часавых зонаў: мінулую, сучасную, будучую. Кожнай адпавядалі свае забавы: вялізарная «Мазгабойня», караоке-пікнік, актыўныя спартовыя гульні, гонкі на піўных бочках, музей, зона для сэлфі.
Галоднымі пакінуць наведвальнікаў арганізатары таксама не маглі: было створана 114 кропак на фудкорце з ежай і напоямі — рэкордная колькасць для мінскіх опэн-эйраў. Варта адзначыць, што ўсё афармленне фестываля было па-беларуску.


Адкрывалі музычную частку беларускія выканаўцы. Тут можна было пачуць сучасныя джазавыя імправізацыі ад by Street Jazz, атрымаць асалоду ад пранікнёных песень Pasha Green і зноў пагрузіцца ў рэлакс разам з гуртом Dzie mora. На фэсце зайгралі нашы вядомыя электроншчыкі INTELLIGENCY ды Ганна Шалюціна з калектывам Yogurt band з каверамі на сусветнавядомыя песні. Закрывалі айчынную праграму дыска-дэкадансеры Akute.


Адчыняла замежную частку фестываля ўкраінка Марыя Чайкоўская. Дзяўчына спявае вельмі лірычныя песні на рускай і ўкраінскай мовах і мае даволі вялізную колькасць прыхільнікаў у Беларусі.
Нямецкі гурт De-Phazz, мабыць, не так на слыху ў моладзі, але даволі вядомы больш сталаму пакаленню ды аматарам джазу эксперыментамі ў гэтым напрамку. Салістка калектыва, Пэт Эплтан, адзначыла, што ў Германіі шмат фестываляў, але калі збіраецца столькі людзей, ні адзін не праходзіць так прыязна, расслаблена і мірна.


Скончыў вечар «брытанскі Элвіс» Джон Ньюман.  Хлопец вядомы, дзякуючы відэахостынгу YouTube. Яго галоўны хіт Love Me Again праглядзелі 500 мільёнаў раз. Брытанец падрыхтаваў адмысловае шоў на 1,5 гадзіны, дзе і ў канцы звыш 100 тысяч галасоў падпявалі яму «I need to know now, know now, can you love me again?».