“Дэталі” Валерыя Песіна

Сёння 4 сакавіка 2015 года ў 17.00 у Цэнтры Сучасных Мастацтваў (вул. Някрасава, 3) адчынянцца персанальная выстава жывапісу і графікі мастака-авангардыста Валерыя Песіна “Дэталі”.



Валерыя Песіна часам называюць самавукам: сапраўды, паступіць у Тэатральна-мастацкі інстытут мінчуку з інтэлігентнай сям’і, насуперак некалькім спробам, не атрымалася. Давялося задаволіцца архітэктурным факультэтам Палітэхнікі, але пратрымаўся там Песін толькі два курсы. І далей быў шлях, якім ішлі багата хто з дзяцей шасцідсесятнікаў, фізікаў-лірыкаў. А менавіта — рабочыя прафесіі,  потым праца начным вартавым і дворнікам, каб мець час маляваць і ўдасканальвацца ў мастацтве. Гэта было тое пакаленне савецкіх дворнікаў, якое пра свае жыццёвыя прыярытэты казала наступнымі словамі:

“Мая творчая канцэпцыя вельмі простая: Я люблю маляваць і рабіць выставы. Люблю

знаёміцца з новымі людзьмі. Люблю жанчын і дзяцей. Люблю птушак і кветкі. Люблю

жывапіс Ван Гога і малюнкі Рембранта. Люблю музыку Моцарта і апавяданні Борхеса.

Люблю вершы Бродскага. Люблю ўзыходы сонца ў Крыму і захады на Балтыцы. Люблю

моцную каву і добры тытунь. Люблю лес і мора. Люблю вецер і дождж. Люблю сонца і

зоркі. Люблю ісці па дарозе. Люблю глядзець у акно. Люблю ...”

Як вы зразумелі, Песін прайшоў своій шлях ад пачаткоўца да мастака, якога прызнаюць калегі і калекцыянеры, які выстаўляецца па ўсёй Еўропе. Мастак жыве ў Маскве, магчыма, там артрынак больш шырокі і жвавы.

Стыль Валерыя Песіна звычайна вызначаюць як абстрактны мінімалізм — некалькімі чыстымі колерамі, дакладна схопленай дэталлю ён стварае выразныя і пераканаўчыя, часам дакладныя, а часам шырока асацыятыўныя вобразы. Ён — не самы дарагі з беларускіх мастакоў (скажам, кошт палатна вагаецца ад адной да некалькіх тысяч умоўных адзінак), але ўпэўнена запатрабаваны на артрынку. І хаця мастак сцвярджае, што ён не аптыміст, бо быць аптымістам перашкаджае жыццёвы досвед, калі табе ўжо за пяцьдзясят, але менавіта таму не дазваляе песімізму прасочвацца ў свае творы.

Пагадзіцца з гэтым або аспрэчыць наведвальнікі выставы змогуць да 19 сакавіка 2015 года.

Папярэдне можна паглядзець відэасюжэт пра мастака: