Дзень народзінаў Манюшкі адзначаць у Белдзяржфілармоніі
23 мая 2019 года ў Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца юбілейны канцэрт да 200-годдзя Станіслава Манюшкі з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, галоўны дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў.
За дырыжорскім пультам — маэстра Антоні Віт, адзін з самых заслужаных дырыжораў Польшчы, майстар польскай музыкі, кавалер Камандорскага Крыжа Адраджэння Польшчы і ордэна Французскага Ганаровага легіёна, шматгадовы дырэктар і мастацкі кіраўнік Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве, сяміразовы намінант і уладальнік прэміі Грэмі'2012.
Салісты канцэрта — Ірына Крыкунова (сапрана, Беларусь) і саліст Вялікага тэатра Нацыянальнай оперы ў Варшаве, знакаміты польскі тэнар Рафал Бартміньскі.
Канцэрт арганізаваны ў межах святкавання Года Станіслава Манюшкі 2019.
У выкананні аркестра і салістаў прагучаць знакавыя творы Станіслава Манюшкі: арыі з опер «Галька» і «Страшны двор», уверцюра з оперы «Парыя» і балетная музыка з оперы «Графіня». У другім аддзяленні канцэрта прагучыць 7-я Сімфонія Людвіга ван Бетховена.
5 мая 2019 года споўнілася 200 год з дня нараджэння Станіслава Манюшкі — выдатнага кампазітара-рамантыка ХІХ стагоддзя, аўтара песень, аперэт, опер і балетаў, ураджэнца мястэчка Убель на Міншчыне. Юбілей кампазітара адзначаюць сёлета ў розных краінах свету, а Сенат Польшчы 2019 год абвясціў Годам Станіслава Манюшкі.
За сваё жыццё Манюшка напісаў больш за 400 кампазіцый на словы польскіх паэтаў, якія заклалі асновы польскай нацыянальнай песні. Ён сабраў дванаццаць песенных зборнікаў пад агульнай назвай «Хатні спеўнік». Шэсць спеўнікаў было выдадзена пры жыцці кампазітара, і шэсць пасля яго смерці. Станіслаў Манюшка меў дачыненне да станаўлення беларускай музычнай культуры. У сваёй творчасці актыўна супрацоўнічаў з беларускім пісьменнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Дзякуючы іх сумеснай творчасці паўстала опера «Ідылія» («Сялянка») на беларускай мове, прэм'ера якой адбылася ў 1852 г. у Мінскім гарадскім тэатры.
Стварэнне першых вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер С. Манюшкі праходзіла ў звязку з Беларуссю: у 1834 мінскія аматары паставілі адзін з першых яго музычных твораў «Канторскія службоўцы» (у 1841 — у Гродне), а ў 1843 у Мінску адбыўся паказ аднаактовага жарту «Латарэя» (лібрэта Корвін-Мілеўскага). На лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча С. Манюшка напісаў «Рэкруцкі набор» (з К. Кжыжаноўскім; пастаноўка ў 1841 у Мінску), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада» (спектакль у Мінску ставіўся 21 раз), «Ідылія» («Сялянка», з К. Кжыжаноўскім; пастаноўка ў 1852 у Мінску; у 1853—1855 ставілася ў Бабруйску, Слуцку, Нясвіжы, Глуску і інш.).
Дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта беларускай мовы (побач з польскаю) і апоры на беларускі фальклор гэтая падзея мела вялікае значэнне ў гісторыі беларускай музычнай культуры. Упершыню з беларускай тэатральнай сцэны гучалі нацыянальныя мелодыі, прымаўкі і прыказкі. Гэта была не проста творчая смеласць драматурга і кампазітара, які адважыўся ва ўмовах знявагі да ўсяго беларускага адкрыта заявіць пра свае сімпатыі, а глыбока прадуманая і свядомая акцыя, што адлюстроўвала творчыя, грамадзянскія і ідэйныя пазіцыі аўтараў.
Пасля трыумфальнай прэм’еры новай чатырохактавай версіі оперы «Галька», якая адбылася 1 студзеня 1858 года ў Варшаве, Станіслаў Манюшка гастраліраваў па Германіі і Францыі, а пасля вяртання 1 жніўня 1858 года быў прызначаны галоўным дырыжорам Польскай Оперы ў Вялікім тэатры ў Варшаве. На працягу амаль пятнаццаці гадоў працы на гэтай пасадзе ён падрыхтаваў і паставіў амаль усе свае пазнейшыя оперы — «Графіня», «Verbum nobile», «Страшны двор», «Парыя» ды іншыя. Адначасова, з 1864 года С. Манюшка працаваў выкладчыкам у Інстытуце музыкі ў Варшаве.
Памёр Станіслаў Манюшка ў 1872 годзе ў выніку сардэчнага прыступу. Пахаванне кампазітара, у якім удзельнічала ад 60 да 100 тысяч чалавек, стала ў Польшчы нацыянальнай маніфестацыяй. Станіслаў Манюшка пахаваны на Павонзкіх могілках у Варшаве.
У Мінску на будынку гімназіі, у якой вучыўся Станіслаў Манюшка, і ў Вільні на доме Мюлера, у якім жыў кампазітар, устаноўлены памятныя шыльды. Помнікі Станіславу Манюшку ўсталяваны ў Варшаве, Катавіцах, Познані, Лодзі, Торуні, Мінску і Вільні. У гонар Манюшкі названыя вуліцы ў многіх гарадах Польшчы, у Вільні, Мінску, а таксама ў Гродне, Крывым Рогу і Харкаве. 5 студзеня 2019 года імем Станіслава Манюшкі названы Цэнтральны чыгуначны вакзал у Варшаве.
Антоні Віт — адзін з самых заслужаных дырыжораў Польшчы і майстар польскай музыкі. Уладальнік вышэйшай узнагароды Міжнароднага конкурсу дырыжораў ім. Герберта фон Караяна (1971). Генеральны і мастацкі дырэктар Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве (2001-13). Музычны дырэктар Сімфанічнага аркестра Навары (Іспанія, 2013-18), ганаровы дырыжор Кракаўскай філармоніі ў Польшчы. Узнагароджаны ордэнам Французскага Ганаровага легіёна (2015).
Сяміразовы намінант і ўладальнік прэміі Грэмі'2012 за запіс сумесна з Сімфанічным аркестрам Нацыянальнай Філармоніі ў Варшаве збору твораў Кшыштафа Пэндэрэцкага. Лаўрэат «Залатога камертона» і Гран-пры Акадэміі музыкі «La Nouvelle Académie du Disque». У 1985 г. атрымаў узнагароду «Альбом года» ад брытанскай гуказапісваючай кампаніі «EMI» за выкананне «Стабат Матэр» К. Шыманоўскага; у 2012 – узнагароду Канскага фестывалю класічнай музыкі за запіс «Турангаліла-сімфоніі» французскага кампазітара Аліўе Месіяна.
Антоні Віт ажыццявіў запісы болей як 200 дыскаў для найбольш прэстыжных гуказапісваючых кампаній. Ён адзін з нешматлікіх артыстаў у свеце, дыскі якога разышліся тыражом звыш 5 мільёнаў экзэмпляраў.
У 2012 г. сусветная прэм'ера Канцэрта-кантаты Х. Гурэцкага ў выкананні Сімфанічнага аркестра Нацыянальнай Філармоніі ў Варшаве пад кіраўніцтвам Антонія Віта, выдадзенага гуказапісваючай кампаніяй «Naxos», атрымала прэмію «Choc Award». Дыскі з яго выкананнем твораў К. Пэндэрэцкага — «Фанаграмы», «Канцэрта для духавых інструментаў», «Парціты», «Абуджэння Якаба і Анакласіса», выдадзеныя «Naxos», атрымалі прэмію «Грэмі» ў 2013 годзе.
Антоні Віт актыўна гастралюе і супрацоўнічае з нацыянальнымі, сімфанічнымі і філарманічнымі аркестрамі Варшавы, Кракава, Берліна, Будапешта, Прагі, Сеула, Страсбурга, Каталоніі, Лос-Анджэлеса, Буэнас-Айрэса, Заграба, Санкт-Пецярбурга, Токіа, Сафіі, Кейптаўна, Навары і інш.
Паводле прэс-рэлізу