Фальклор беларускай глыбінкі ў Мінску (+відэа)
Ва Універсітэце культуры праходзіць канферэнцыя «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання». Першы дзень працы завяршыўся канцэртам «Фальклор беларускай глыбінкі».

На канцэрце выступіў ансамбль народнай музыкі «Круцеліца» з Вілейкі і гурт «Палешучкі» з вёскі Букча Лельчыцкага раёна. Музыкі гралі вядомыя па ўсёй Беларусі мелодыі па-свойму, па-вілейску. Выканалі адметны мясцовы вальс і танцавальную мелодыю «Жыдок».
«Палешучкі» спявалі вясновыя, жніўныя і пазаабрадавыя песні, прыпеўкі, дэманстравалі свае варыянты танцаў. Публіка з радасцю далучалася да скокаў.
Канферэнцыя яшчэ не скончылася. Наперадзе — майстар-класы, танцавальная вечарына і круглы стол.

28 красавіка ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам пакажуць фільм пра вяселле Лельчыцкага раёна і рэканструкцыю абрада студэнтамі спецыяльнасці «этнафоназнаўства» Універсітэта культуры. Фларыян Карубі, валанцёр беларускай Асацыяцыі клубаў UNESCO, правядзе майстар-клас па французскіх танцах. У 16.00 пачнецца танцавальная вечарына ў клубе «Гудвін».
29 красавіка а 12.00 у кавярні «Грай» пройдзе круглы стол па тэме «Вусная і нематэрыяльная спадчына еўрапейцаў у ХХІ стагоддзі: захаванне, аднаўленне, успрыманне», які стане завяршальным мерапрыемствам канферэнцыі.
Поўную праграму можна паглядзець тут.

Фота і відэа аўтаркі