Фіналісты конкурсу «Заспявай 2.0» выступяць на плошчы Свабоды
Арганізатары конкурсу прынялі рашэнне аб правядзенні серыі жывых канцэртаў фіналістаў конкурсу «Заспявай 2.0», якія пройдуць улетку на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды ў Мінску.
Ідэя аб правядзенні жывых канцэртаў з’явілася падчас праслухоўвання заяваў ад удзельнікаў конкурсу «Заспявай 2.0». «Можна вызначыць найлепшых паводле праслухоўвання дэма ў інтэрнэце. Але гэта будзе прыблізна, на вока, – кажа прадусар конкурсу Сяргей Будкін. – Жывое выкананне дазваляе разгледзіць нюансы, якія нерэальна ўбачыць у прадастаўленых запісах, зробленых часам проста на тэлефон. І мы вельмі ўдзячны кавярніChillOut, якая гатова прадаставіць пляцоўку для выступаў канкурсантаў. Такім чынам маладыя артысты змогуць паказацца перад публікай, што ўжо само па сабе каштоўна. А па выніку іх выступаў мы назавем самых-самых».
Сябры журы «Заспявай 2.0» вызначаць 12 імёнаў – па шэсць вартых увагі канкурсантаў у кожнай з намінацыяў – «Кавер» і «Спяваная паэзія». Яны і атрымаюць магчымасць выступіць з сэтам на тэрасе Chill Out на плошчы Свабоды гэтым летам пры падтрымцы ўжо вядомых выканаўцаў. Частка сябраў журы ўжо вызначылася і зрабіла свае высновы. «Конкурс дазволіў зразумець некалькі істотных рэчаў, – кажа культуролаг Максім Жбанкоў. – Актуальны беларускі сонгбук гучыць разнастайна ды атракцыйна, удала перабіваючы інэрцыю савецкіх дзяржэстрады ды “альтэрнатывы”. Мы маем моцную “спяваную паэзію”, але слаба ведаем, як рабіць кавэры. Удзельнікі дакладна падзяліліся на тры несумяшчальныя групоўкі: класычная самадзейнасць, олдскульны дзяржпопс і хэвімэтал-рэстаран ды “прасунутыя аутсайдэры” – песні ды скокі гарадзкіх партызан) Дзіўна, што ім давялося спаборнічаць паміж сабой. І яшчэ шкада, што замала ўзнагарод. Я бы ўшанаваў кожнага з майго шорт-ліста».
Некаторым сябрам журы выбар зрабіць няпроста. «Я не ўмею так судзіць, бо гэта несур’ёзна. Журы мусіць сядзець у залі і слухаць жывыя галасы. Ну ў скрайнім выпадку мёртвыя. Але абіраць урыўкамі на гастролях у інтэрнэце досыць цяжка», – заўважае заслужаны артыст Беларусі Валеры Дайнека. Лідар гурта «Палац» Алег Хаменка падчас праслухоўвання песень канкурсантаў наогул перажыў увесь спектр пачуццяў: «Пакуль слухаў і аналізаваў творы адчуў, напэўна, усе эмоцыі, якія ёсць. Смяяўся і злаваўся, сумаваў і весяліўся, зачароваўся і расчароўваўся. Перш за ўсё хачу сказаць тым, хто не перамог. Вашыя творы вартыя запісу і прамоўшэну. Не здраджвайце ім!».
Такім чынам, журы абяцае канчаткова вызначыцца з «шчасьлівай дванаццаткай» фіналістаў «Засьпявай 2.0» цягам наступнага тыдня. Пасля чаго будзе абвешчаны расклад выступаў.