«Карчма–2015»: Уваходны квіток на фестываль — пара працоўных рук

Дзеля захавання гістарычнай карчмы XVII – XVIII стагоддзяў 12–13 верасня ў в. Гіравічы Валожынскага раёна (35 км ад Мінска) адбудзецца Другі фестываль “Карчма”.



karcma_4.jpg

Будынак зазнаў на сваім веку безліч незвычайных падзеяў, сярод якіх –побыт ад’ютанта Напалеона, адпачынак паўстанцаў Каліноўскага, захоп жандарамі пісьменніка і тэрарыста Барыса Савінкава. Карчма знаходзіцца непадалёк ад тагачаснага Лас-Вегаса — славутага мястэчка Ракава, знакамітага ў 20–30-я гады сваім кантрабандысцкім жыццём.

Сёння будынак карчмы патрабуе неадкладнай кансервацыі. Жыхары вёскі сваімі намаганнямі прыбіраюць тэрыторыю, але гэтага недастаткова, і карчма працягвае руйнавацца.

budzma.by__wp_content_uplo_7880443f30a210a2a6b0c4656e4b7e57.jpeg

Грамадскасць навакольных вёсак і гаспадары тутэйшых аграсядзіб лічаць карчму сімвалам наваколля, беларускай гісторыі і зацікаўленыя ў яго аднаўленні. Арганізатары фестывалю, мясцовыя жыхары Зміцер Сасноўскі і Анатоль Ганец, адзначылі, што ўжо рыхтуюцца дакументы для рэгістрацыі будынка як помніка архітэктуры, і гэта дазволіць у далейшым уключыць яго ў зялёны маршрут Валожынскага раёна. Таксама у планах арганізатараў аднаўленне двух прыдарожных крыжоў: каталіцкага і праваслаўнага, якія калісьці стаялі тут на скрыжаванні дарог старога Віленскага тракту.

“На дадзены момант мы маем падтрымку ад сельсавета, які дае тэхніку і працаўнікоў, а ўпраўленне ідэалагічнай працы і культуры райвыканкама спрыяе атрыманню ўсіх узгадненняў. Мерапрыемства дабрачыннае, бо не мае вонкавай фінансавай падтрымкі, і ажыццяўляецца выключна за кошт асабістага ўдзелу добраахвотнікаў”, — распавёў Зміцер Сасноўскі. “Уваходны квіток на фестываль — пара працоўных рук, а таксама інфармацыйная падтрымка, націснуць “расказаць сябрам”, — пракаментаваў Анатоль Ганец.

budzma.by__wp_content_uplo_e1c722a271e2235d152a24197f794ffb.jpeg

Галоўныя фестывальныя дзеянні будуць сканцэнтраваныя на ўпарадкаванні тэрыторыі. Увечары адбудзецца канцэрт з удзелам гуртоў “Стары Ольса”, “Літы Талер”, “Ceiliсh Сeol”, фальклорнага ансамблю “Гасцінец” з Ракава, танцавальнай падтрымкай ад гурта “Фламея” і інш. Спецыяльны госць — Анатоль Кашапараў (ансамбль “Песняры”). На фестывалі будзе арганізаваная намётавая пляцоўка, прадстаўленая рэтра-тэхніка, палявая кухня.

 

ФЕСТЫВАЛЬ ЗАПРАШАЕ ДА ЎДЗЕЛУ І СУПРАЦОЎНІЦТВА:

• добраахвотнікаў у працы па карчме і падрыхтоўкі сцэны;

• спецыялістаў па рэкламе ў сацыяльных сетках;

• артыстаў і музыкаў (удзел у канцэрце);

• кіроўцаў з транспартам;

• кухараў і дапаможных кухонных працаўнікоў;

• ахову.

ШАНУЮЦЦА ЎСЕ АДДАНЫЯ НЕЗАЛЕЖНА АД ПЕРАКАНАННЯЎ І МОВЫ!

Заяўкі і рэгістрацыя ўдзельнікаў:

Зміцер Сасноўскі – zsasnouski@tut.by;

Марыя Рагалевіч – +375 44 5779089.

Фестывальная старонка “Укантакце”

budzma.by